Дыпломы даследчыка ўчора атрымалі маладыя навукоўцы, якія паспяхова завяршылі навучанне ў аспірантуры. Ад імя адміністрацыі ВНУ іх павіншаваў прарэктар па навуковай рабоце Віктар Уладзіміравіч Старасценка. Перадусім ён пажадаў выпускнікам поспехаў у прафесійнай дзейнасці, а таксама творчага натхнення і пазітыўнага настрою. «Зараз ваша галоўная задача — абараніць дысертацыю, а дзеля гэтага трэба сканцэнтраваць на навуковай дзейнасці ўсю энергію, адкласці ўсе справы і працаваць», — падкрэсліў прарэктар. На яго думку выпускнікі аспірантуры маюць усё дзеля таго, каб абарона дысертацыі была і хуткай, і паспяховай. «Не лішнім будзе пажадаць вам моцнага здароўя, шчасця ў асабістым жыцці і, канешне, поспехаў на навуковай ніве», — сказаў Віктар Старасценка.
Павіншаваў маладых даследчыкаў і загадчык аспірантуры Васіль Васільевіч Табуноў. Дыпломы даследчыка ў гэтым годзе атрымалі шасцёра выпускнікоў: два дыпломы па спецыяльнасці 13.00.01 — агульная педагогіка, гісторыя педагогікі і адукацыі; таксама два дыпломы па спецыяльнасці 07.00.02 — айчынная гісторыя; адзін дыплом па спецыяльнасці 01.04.05 — оптыка і адзін па спецыяльнасці 13.00.02 — тэорыя і методыка навучання і выхавання (матэматыка).