Печать

Святкаванне Калядаў традыцыйна распачалося ва ўніверсітэце

Каляды_МДУ_Куляшова

Ваджэнне казы, спяванне калядных песень, прыгатаванне куцці — гэта і яшчэ шмат чаго іншага магчыма было ўбачыць у галоўным корпусе. Студэнты падышлі да рэстаўрацыі калядных звычаяў творча і з энтузіязмам. Спачатку яны вывучылі этнаграфічныя даследаванні, многія распыталі ў бабуль і дзядуль пра тое, як Каляды святкавалі на Магілёўшчыне. Шмат хто са старых куфараў дастаў даматканыя сукні і вышыванкі. Праўда, у працэсе падрыхтоўкі аказалася, што адной толькі «казы» для сапраўдных Калядаў мала. Патрэбны яшчэ традыцыйныя для нашага рэгіёну персанажы — цыганка, цыган, які на ланцугу вядзе ўяўнага мядзведзя, а таксама механошы і яшчэ каля 10 маладых і вясёлых калядоўшчыкаў.

Наогул, калядаваць — гэта зычыць гаспадарам дома дабрабыту і харошага ўраджаю. У сваю чаргу, накалядаванае — гэта падзяка за добрыя словы. Добрых слоў ва ўніверсітэце прагучала шмат, і, як вынік, стол быў застаўлены традыцыйнымі беларускімі стравамі: бліны, аладкі, дранікі, селядзец, куцця посная і шчодрая, каўбасы і смажаніна, капуста. «Наша задача — дапамагчы маладым людзям, па-першае, убачыць беларускія народныя абрады, а, па-другое, іх захаваць, — тлумачыць арганізатар мерапрыемства, кіраўніца літаратурна-мастацкага салона ўніверсітэта імя А. А. Куляшова, дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Марына Чмарава. — Мы разумеем тое, што сучасная гарадская культура ўжо надта далёка адышла ад вясковай архаікі з характэрнай для яе верай у магічную моц Калядаў. Аднак лічым, што менавіта ў Калядах захоўваецца цывілізацыйны, культурны код беларусаў».

msu.by/bel