Печать

У госці да Янкі Купалы завіталі будучыя журналісты

Экскурсія ў Ляўкі_МДУ_Куляшова

Цікавае падарожжа на мінулым тыдні здзейснілі студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта. Будучыя журналісты наведалі сядзібу Ляўкі, што на Аршаншчыне. Перад Другой сусветнай вайной Ляўкі былі ўлюбёным месцам адпачынку Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Цяпер там знаходзіцца музей з даволі цікавай і змястоўнай экспазіцыяй.

Дарога да купалавай сядзібы займае прыблізна дзве з паловай гадзіны. Спачатку трэба патрапіць у аршанскі «дызель», на ім прамінуць Шклоў, а потым выйсці на прыпынку «Копысь». Гэта ўсё яшчэ Магілёўская вобласць. Уздоўж чыгуначных рэек падарожныя выходзяць на толькі што адбудаваны мост праз шырокі ў тых мясцінах Днепр. З левага боку відно чырвоныя дахі дамоў. Гэта Александрыя. З правага боку з-за пажаўцелых ліп і клёнаў заўважаюцца бліскучыя купалы царквы. Пераходзім праз мост — і трапляем на Віцебшчыну. Наперадзе — гарадскі пасёлак Копысь.

Ісці праз яго давядзецца каля 40 хвілін. Мінаем так званы «Пятроўскі вал», месца цікавых археалагічных знаходак, рухаемся па ўзбочыне міма кафэ, сельсавета і школы, якая носіць імя Янкі Купалы. Здзіўляе дагледжанасць мястэчка — акуратныя дамкі, пешаходныя зоны, падстрыжаныя газоны… Сапраўды, парадак у Копысі ўзорны! Здзівіла таксама адсутнасць машын на шляху. Мясцовыя жыхары перасоўваюцца або на веласіпедах, або пешшу. Усе адзін з адным вітаюцца. Для гарадскога жыхара гэта нязвыкла. Асобна варта спыніцца на майстэрні ганчароў. У Копысі некалі выраблялі выдатную кафлю, якую сёння магчыма ўбачыць нават у Луўры. Кафлю зараз не вырабляюць, затое ў невялічкай краме магчыма набыць прыгожыя сувеніры — гліняныя гарлачыкі, кубачкі, талеркі і да таго падобнае.

Музей знаходзіцца за Копысем. Ад мястэчка да яго кіламетры тры, але шлях не ўяўляецца залішне даўгім. Сонечнае надвор’е ды маляўнічыя краявіды робяць тыя кіламетры амаль непрыкметнымі. Музей — гэта два драўляныя дамы: былая леснічоўка і адбудаваная пасля вайны купалава дача. Побач, праўда, ёсць яшчэ і гараж — там стаіць аўтамабіль маркі «Шэўрале». Яго паэту падараваў урад БССР. Экскурсавод падрабязна распавядае пра так званы «Ляўкоўскі» перыяд у жыцці Купалы. Сам па сабе гэты перыяд даволі неадназначны. З аднаго боку, узнагароды і ўсеагульная пашана, а з другога, працяглая дэпрэсія. Янка Купала дужа востра перажываў сталінскія рэпрэсіі.

Уразіла неверагоднае па сваёй прыгажосці ўзбярэжжа Дняпра. Высокі, пакручасты бераг, хвоі ўздоўж фасада паэтавай сядзібы. На даляглядзе, нібы на далоні, — Александрыя. У паветры адчуваецца вільготны пах восені. Музей (як і ўсё наваколле) кранаюць сваёй лірычнасцю, акварэльнасцю, спакоем. Пасля гарадскога тлуму Ляўкі — ледзь не рай на зямлі. Ва ўсялякім выпадку, пакідаць яго зусім не хацелася.

Рэкамендуем усім аматарам падарожжаў: Віцебская вобласць, Аршанскі раён, дом-музей Янкі Купалы «Ляўкі».

msu.by/bel