Печать

XXVІІ Дзень беларускага пісьменства адзначылі ўчора ў Бялынычах

XXVІІ Дзень беларускага пісьменства адзначылі ўчора ў Бялынычах

Праграма свята была надзвычай разнастайная — навуковыя канферэнцыі, фестывалі кнігі, выставы і тэматычныя пляцоўкі. Сярод гасцей былі пісьменнікі і журналісты, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, моладзь. Асноўныя мерапрыемствы праходзілі 6 жніўня. Усе яны былі прысвечаны Году малой радзімы, 75-годдзю Вялікай Перамогі і 90-годдзю класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча.

Ад пачатку цэнтральнай вуліцы гарадка ўжо з самай раніцы пачалі працаваць пляцоўкі рамеснікаў. Набыць магчыма было ўсё — ад дробных сувеніраў да вытанчаных упрыгожванняў — жаночыя завушніцы, браслеты, былі нават язычніцкія абярэгі. Усё — ручная праца. Побач шчыраваў каваль, які на вачах у мінакоў вырабляў пэўную дэталь для сярэднявечнага рыцарскага шалома. Каваль дазваляў патрымаць у руках крыжацкі меч і кавалерыйскую шаблю. Магчыма было нават апрануць кальчугу, вага якой складала, па словах майстра, каля 20 кілаграм. Далей размясціліся павільёны музеяў і сродкаў масавай інфармацыі, Белсаюздруку, Белпошты і цэнтральных беларускіх выдавецтваў.

Някепска былі прадстаўлены і асобныя раёны Магілёўшчыны. Кожны рэгіён імкнуўся перадаць свае багатыя культурныя і духоўныя традыцыі. Напрыклад, жыхары Мсціслаўскага раёну прапанавалі аддрукаваць аркуш на амаль аўтэнтычным варштаце ХVII стагоддзя. Сцвярджалі, што менавіта гэтакім жа карыстаўся ў свой час Пётр Мсціславец. Паказвалі мсціслаўцы і старыя ўніяцкія абразы, якія датуюцца сярэдзінай XVIII стагоддзя. Не засталіся ў баку і раёнкі, абласныя і гарадскія грамадска-палітычныя выданні. Да месца тут заўважыць і тое, што колькасць журналістаў, фотакораў, тэлеаператараў на адзін квадратны метр была неверагодна высокая. Асобныя выданні прапаноўвалі спецыяльныя «святочныя выпускі».

Казаць пра тое, што толькі словам адзіным сілкаваліся госці і ўдзельнікі Дня беларускага пісьменства, будзе відавочнай хлуснёй. Бо павільёны з кнігамі і газетамі з усіх бакоў абступіў выязны гандаль. Шашлыкі, дранікі, кашы, бліны, садавіна і агародніна, поліўкі і наліўкі, дэсерты і салаты, шынкі і каўбасы… Мы нават заўважылі старую беларускую страву пад назваю «каўбух». Праўда, паспрабаваць яе не наважыліся — надта дорага (як для студэнтаў) каштавала кулінарная аўтэнтыка. А вось смак сакавітага шашлычнага мяса адчуць усё ж давялося. Дзякуем шклоўскаму райпо.

На плошчы каля Бялыніцкага абраза Божай Маці гасцей чакала выстава кніг, гандлявалі таксама мёдам, паспрабаваць магчыма было царкоўнае печыва. Акрамя ўсяго іншага, у святочную нядзелю адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады краіны, міністэрстваў і ведамстваў. «Музей, без усялякага перабольшвання, адпавядае еўрапейскаму ўзроўню», — падкрэсліў у інтэрв’ю журналістам міністр культуры Юрый Бондар. Адзначым тое, што сапраўды і сам будынак, і атмасфера, якая ў ім пануе, прыемна ўразілі наведвальнікаў. Высокая столь, добрае асвятленне, прастор і хараство. Вядомы магілёўскі мастак Базыль Камароў заўважыў тое, што вакол музея незвычайная аўра. «Усё ж імя Бялыніцкага-Бірулі, яго творчасць прывабліваюць людзей, якія здольныя да таго, каб любіць прыгожае ў вобразе, у слове, у музыцы», — адзначыў мастак.

«Літаратура, мастацкае слова, пісьменства — гэта той інтэлектуальны здабытак, які робіць з асобных людзей народ, нацыю, — адзначае сябра саюза беларускіх пісьменнікаў Яраслаў Іванавіч Клімуць. — Некалі У. С. Караткевіч у аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» заўважыў тое, што ў Беларусі больш паэтаў, чым у любой іншай краіне. Сапраўды, гэта так… Ёсць сярод нашых сучаснікаў тыя, каго ахвотна перакладаюць на іншыя мовы свету, каго нашы суседзі лічаць уласным гонарам і ўласным здабыткам. А ёсць і рунь, якой трэба дапамагаць прабівацца да чытача. Таму, канешне, у дзяржаве павінна існаваць пэўная пляцоўка, месца сустрэчы беларускага пісьменніка з чытачом. Дні беларускага пісьменства — для такіх сустрэч ідэальны варыянт».

msu.by/bel