Печать

1700 чалавек анлайн наведалі Дзень адчыненых дзвярэй на гісторыка-філалагічным факультэце

День открытых дверей_МГУ_Кулешова

Дзень адчыненых дзвярэй 30 мая праходзіў анлайн на гісторыка-філалагічным факультэце. Нагадаем, гэта ўжо чацвёртае падобнае мерапрыемства — 11 красавіка адбыўся агульнаўніверсітэцкі стрым, затым дні адчыненых дзвярэй анлайн прайшлі на факультэтах матэматыкі і прыродазнаўства, эканомікі і права. У якасці інтэрнэт-пляцоўкі для ўсіх чатырох стрымаў была абраная сацыяльная сетка «Укантакце». Яна даволі папулярная сярод беларусаў і дазваляе далучыць найбольшую колькасць наведвальнікаў — як абітурыентаў, так і настаўнікаў, бацькоў.

На сённяшні дзень агульнаўніверсітэцкі стрым паглядзелі ўжо каля 8 тысяч чалавек, стрым факультэта матэматыкі і прыродазнаўства — 1233, факультэта эканомікі і права — 2 793. Паспяховым магчыма лічыць суботні стрым гісторыка-філалагічнага факультэта — толькі анлайн (цягам гадзіны і 11 хвілін) яго паглядзелі 1700 наведвальнікаў. Усяго ж за выходныя запіс стрыма набраў 3170 праглядаў. І гэта някепскі паказчык, асабліва калі ўлічыць тое, што час правядзення Дня адчыненых дзвярэй супадаў з часам правядзення апошніх званкоў у школах, ліцэях і гімназіях.

Фармат стрыма быў звыклы. Дэкан факультэта Наталля Міхайлаўна Саўчанка распавяла пра адукацыйныя, навуковыя традыцыі на факультэце. Потым слова ўзялі намеснікі дэкана, выкладчыкі. У якасці мадэратара выступіў студэнт другога курса, спецыяльнасці «Журналістыка» Кірыл Нікіцін. Пра ўласны досвед паступлення на спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура» распавёў студэнт Віталь Палавінскі. Ён таксама падзяліўся ўражаннямі ад навучання, даў абітурыентам некалькі карысных парадаў. Па словах арганізатараў стрыма, такая форма прафарыентацыйнай працы ў тых умовах, у якіх мы апынуліся, бадай што самая аптымальная, а таму павінна выкарыстоўвацца і надалей.

msu.by/bel