Печать

Выйшаў зборнік вершаў, прысвечаных 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

Вершы_Казекі_МДУ_Куляшова

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла ў свет кніга «Песня роднай зямлі» вядомага ў нашай краіне паэта, грамадскага дзеяча, нашага земляка Алеся Казекі. На старонках гэтага зборніка прадстаўлена лірыка (вершы розных гадоў), эпас (прэзентаваная ў нашым універсітэце паэма «Марыйка»), а таксама невялікія паэтычныя апавяданні-рэфлексіі, філасофскія зацемкі з рознай нагоды. Важна тут таксама дадаць тое, што сваё выданне паэт прысвяціў 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Выказаўся пра змест «Песні роднай зямлі» і старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Аляксандравіч Марзалюк. «Іншы раз бывае так, што вершы пэўнага «засвечанага» паэта годна ўспрымаюцца і ацэньвацца спецыялістамі-філолагамі, але не маюць прызнання ў асяроддзі звычайных чытачоў. З творамі Алеся Казекі не так. Яны запатрабаваныя якраз людзьмі, далёкімі ад тэарэтычных практыкаванняў», — выказаў меркаванне Ігар Аляксандравіч. Адна з магчымых прычын папулярнасці твораў Казекі, на думку І. А. Марзалюка, палягае ў тым, што Казека — не гуманітарый паводле адукацыі, таму ён не карыстаецца прафесійнымі шаблонамі і штучнымі вобразамі. Затое ён мае арганічную прыродную здольнасць ствараць сапраўдную паэзію. А гэта чытач заўсёды адчувае і цэніць.

«Што мяне асабіста прываблівае ў паэзіі Алеся Казекі? — задаецца пытаннем Ігар Марзалюк. — Прызнаюся, зусім не часта даводзіцца слухаць вершы, у якіх гэтак пранікнёна-чыста гучыць голас шчырага пачуцця любові да Радзімы. Голас лірыка, філосафа, воіна. Голас Грамадзяніна. І зусім у іншай іпастасі паўстае аўтар у паэме «Марыйка». Ён тут не апавядальнік, не назіральнік, ён — непасрэдны ўдзельнік жахлівай трагедыі».

msu.by/bel

Для обеспечения удобства пользователей сайта msu.by используются файлы cookie. Подробнее об этом вы можете узнать в Политике в отношении обработки файлов cookie.
Принять