Печать

100-гадовы юбілей выдатнага беларускага паэта Аляксея Пысіна сёння адзначылі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта

Юбилей_Пысина_МГУ_Кулешова

На вялікі жаль, творца пражыў усяго 61 год. Месца яго пахавання — вядомыя магілёўцам «Польскія» могілкі на вуліцы імя Лазарэнкі. Менавіта туды сёння скіравалася даволі стракатая грамада. Студэнты і выкладчыкі прыйшлі да магілы паэта не з пустымі рукамі. Спачатку яны навялі парадак навокал. Узброеныя граблямі і рыдлёўкамі, прыбралі восеньскае лісце, дзе-нідзе паправілі агароджу. Потым да помніка Пысіну былі ўскладзеныя кветкі і вянок — ад удзячных нашчадкаў, аматараў паэзіі, літаратараў.

Да студэнцкай моладзі далучыліся таленавітыя творцы — старшыня Магілёўскага аддзялення Саюзу пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека, пісьменнік Сяргей Украінка, паэт і прарэктар нашага ўніверсітэта Уладзімір Ясеў, публіцыст і грамадскі дзеяч Віктар Арцем’еў. Віктар Іванавіч добра ведаў Пысіна. Яго ўспаміны пра паэта былі споўненыя душэўнай цеплыні і даволі цікавымі дэталямі. Як вынікае, Аляксей Васільевіч быў не толькі таленавітым, але і мужным, прынцыповым чалавекам, здольным абараніць уласную годнасць і годнасць блізкіх яму людзей.

Канешне, гучалі вершы Пысіна. Іх чыталі студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта. Яркія, жыццесцвярджальныя, лірычныя радкі ўдала паклаліся на сонечны, пагодны сакавіцкі дзень. Успамінамі пра Пысіна падзяліўся і Сяргей Украінка. Ён згадаў пра яго нястомную энергію, далікатнасць і ўвагу да паэтаў-пачаткоўцаў. «Аляксей Пысін некалі адраджаў літаратурнае жыццё на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Шмат што паспеў зрабіць, і сёння наша справа — захаваць яго спадчыну, захаваць тыя набыткі, якія ён перадаў новым пакаленням», — адзначыў падчас кароткай прамовы Алесь Казека.

Ініцыятарам правядзення гэтай акцыі з’яўляюцца супрацоўнікі кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый. «Падобныя мерапрыемствы выхоўваюць у моладзі пачуццё павагі да сваіх каранёў, духоўнага здабытку беларускага народа», — выказала меркаванне загадчык кафедры Таццяна Борбат.

msu.by/bel