Печать

«Капыцінскія чытанні» на наступным тыдні пройдуць ва ўніверсітэце

Капыцінскія чытанні_МДУ-Куляшова

IV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Капыцінскія чытанні» аб’яднае 77 даследчыкаў з Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны. Навуковы форум будзе праходзіць на наступным тыдні, 19–20 сакавіка ў галоўным корпусе МДУ імя А. А. Куляшова (па адрасе: вул. Касманаўтаў, 1). На пленарным пасяджэнні заяўленыя даклады прафесара Дзяніса Дука, прафесара Ігара Марзалюка, прафесара Якава Рыера, таксама прагучаць даклады гасцей з Расіі.

Пасля адкрыцця канферэнцыі і працы на пленарным пасяджэнні навукоўцаў запросяць на панэльныя пляцоўкі. Усяго іх запланавана дзевяць. Перадусім будуць разгледжаныя дыскусійныя праблемы гісторыі Беларусі і Еўрапейскага кантынента, гістарыяграфіі, археалогіі. Храналагічны дыяпазон даследаванняў надзвычай шырокі — ад эпохі неаліту да нашых дзён. Цікавы і прадмет даследаванняў — палітычная сістэма Вялікага Княства Літоўскага, міжканфесіянальныя адносіны на землях цяперашніх Літвы, Украіны, Польшчы і Беларусі, апошнія здабыткі археалогіі ў Полацку і шмат чаго іншага.

Асобная пляцоўка, канешне, будзе прысвечаная навуковай спадчыне выбітнага археолага В. Ф. Капыціна. Не застанецца па-за ўвагай удзельнікаў канферэнцыі і музейная справа, дзейнасць у галіне захавання гістарычнай спадчыны нашай краіны. Будуць абмеркаваныя і метадычныя аспекты выкладання гістарычных дысцыплін як у сярэдняй школе, так і ў вышэйшых навучальных установах. Адна з асаблівасцей IV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Капыцінскія чытанні» — удзел у ёй школьнікаў, таленавітых вучняў, якія таксама прадставяць свае навуковыя даклады.

msu.by/bel