Печать

Сустрэча з журналістам «СБ. Беларусь Сёння» Сяргеем Кулягіным адбылася ва ўніверсітэце

Сяргей Кулягін_МДУ_Куляшова

Сустрэча з вядомым бардам, журналістам, супрацоўнікам газеты «СБ. Беларусь Сёння», арганізатарам міжнародных музычных фестываляў і канцэртаў Сяргеем Кулягіным адбылася на мінулым тыдні ў МДУ імя А. А. Куляшова. На чарговым пасяджэнні літаратурна-мастацкага салона Сяргей праспяваў уласныя песні, распавёў пра студэнцкае жыццё. Тут важна згадаць, што госць салона — выпускнік былога філалагічнага факультэта (1995 г.). Ён ахвотна дзяліўся ўспамінамі, згадваў цяпер ужо легендарных, старых прафесараў і дацэнтаў Васіля Рагаўцова, Соф’ю Кечык, Уладзіміра Дзянісава, Яраслава Клімуця і інш.

Сам па сабе Сяргей Кулягін — чалавек, безумоўна, цікавы, надзвычай энергічны, творчы. Ён – генератар шматлікіх ідэй і планаў, якія не без поспеху рэалізуе ў жыццё. Гэта адчулі наведвальнікі салона, якія з цікаўнасцю слухалі шматлікія гісторыі Сяргея. Адбылася камерная, шчырая гутарка студэнтаў з прафесійным журналістам, чалавекам разнастайных захапленняў і інтарэсаў. Сяргей Леанідавіч прыйшоў на сустрэчу з гітарай. Цудоўнае выкананне яго вядомых і новых песень, высокая асабістая культура, вернасць беларускім нацыянальным традыцыям не пакінулі раўнадушнымі наведвальнікаў салона. Да таго ж, сустрэча адбылася ў Міжнародны дзень роднай мовы, якая так сакавіта, ярка і шчыра прагучала ў песнях і рамансах Сяргея Кулягіна.

Фота: Васіль Цітоў

msu.by/bel