Печать

Шпацыр па Рэспубліканскай выставе «Грані творчасці» адбыўся на мінулым тыдні

Шпацыр па выставе_МДУ_Куляшова

Шпацыр па Рэспубліканскай выставе сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў «Грані творчасці» праходзіў у мінулы чацвер ва ўніверсітэце. Арганізатары стварылі тры пляцоўкі. Першая аб’яднала творчыя работы ў намінацыі «Летэрынг». Адкрыў акцыю прарэктар па выхаваўчай рабоце Уладзімір Віктаравіч Ясеў. Ён прачытаў уласны верш. Пра прыроду натхнення, а таксама пра магутную энергію творчасці распавёў Заслужаны дзеяч адукацыі Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры музыкі і эстэтычнай адукацыі Пётр Пятровіч Забелаў. Прагучала песня «Мой Магілёў», словы і музыку для якой напісаў Пётр Забелаў. Выканаў кампазіцыю студэнт Яўген Гормаш.

Старшы выкладчык кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства Таццяна Станіславаўна Варабʼёва правяла віктарыну «Словы і рэчы беларусаў». Студэнтам былі прадэманстраваныя экспанаты з этнаграфічнага кабінета ўніверсітэта. Наступная пляцоўка размесцілася насупраць фотаздымкаў, якія прадстаўлялі намінацыю «Фотаканцэпт». Удзельнікам шпацыру трэба было на мультымедыйным экране «намаляваць» незвычайную карту Беларусі пры дапамозе прыгожых беларускіх слоў. Іх трэба было, акрамя іншага, яшчэ і растлумачыць. Апошняя пляцоўка размесцілася ў Зале славы, дзе студэнты факультэта замежных моў правялі своеасаблівы майстар-клас, прысвечаны беларускаму арнаменту. Удзельнікі інтэрактыўнага шпацыру атрымалі салодкія «беларускія пачастункі». Нагадаем тое, што выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў «Грані творчасці» будзе працаваць ва ўніверсітэце да 29 лютага.

msu.by/bel