Печать

Больш за 70 дакладаў апублікаваныя ў зборніку «Капыцінскія чытанні – ІІІ»

Капыцінскія чытанні_МДУ_Куляшова

Зборнік артыкулаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Капыцінскія чытанні – ІІІ» убачыў свет у выдавецтве МДУ імя А. А. Куляшова. Пад адной вокладкай — больш за 70 дакладаў навукоўцаў з Беларусі, Кітая і Расіі. Даклады размешчаныя ў 6 раздзелах, якія адлюстроўваюць розныя аспекты археалагічных і гістарычных ведаў. Адкрываюць зборнік тыя паведамленні, якія былі агучаныя падчас пленарнага пасяджэння. Сярод аўтараў паведамленняў і выкладчыкі нашага ўніверсітэта — А. М. Аўласовіч, А. У. Коласаў, Я. Р. Рыер. Якаў Рыгоравіч Рыер, у прыватнасці, распавёў пра прыроднае асяроддзе як фактар фарміравання структур паселішчаў і сацыяльных парадкаў у раннесярэднявечнай Еўропе.

Першы раздзел прысвечаны актуальным праблемам сучаснай археалогіі. Навукоўцы разглядаюць такія праблемы, як гісторыя вывучэння радзіміцкіх старажытнасцяў, вывучэнне Палеаліту на тэрыторыі Беларусі, археалагічнае вывучэнне помнікаў Жалезнага веку і інш. Другі раздзел прысвечаны гістарыяграфіі археалогіі, гісторыі Беларусі і памежных тэрыторый. Адзначым даклады навукоўцаў з Кітая Ван Даня і Лі Фэя. Першы распавёў пра ахову нематэрыяльнай культуры ў КНР, другі падзяліўся думкамі адносна спецыфікі соцыякультурнай камунікацыі ў краінах Заходняй Еўропы.

Надзвычай змястоўны трэці раздзел — «Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі і памежных тэрыторый». Тут змешчаны даклады на самыя розныя тэмы: палітычныя партыі ў Расійскай імперыі, нацыянальна-культурная палітыка БССР у 1920-я гг., этапы фарміравання нацыянальнай дыяспары ў Польшчы ХХ ст. і інш. Чацвёрты раздзел прысвечаны крыніцазнаўству і метадалогіі вывучэння гісторыі. Адзначым тут перадусім даклады выкладчыкаў МДУ імя А. А. Куляшова. Аляксандр Рыгоравіч Агееў паведаміў пра погляды магілёўскіх настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства на праблемы беларускай адукацыі. Яніна Аляксандраўна Рыер распавяла пра першых кіраўнікоў ВКЛ у адлюстраванні сфрагістычных крыніц.

Пяты раздзел зборніка мае назву «Міждысцыплінарнасць даследавання грамадства і методыка выкладання гісторыі». Тут змешчаны даклады, прысвечаныя розным аспектам гістарычных ведаў у кантэксце арганізацыі турыстычных маршрутаў, а таксама выкладання гісторыі ў школе і ВНУ. Апошні — шосты — раздзел змяшчае творчыя эсэ навучэнцаў школ, ліцэяў, гімназій на тэму «Прафесія педагога-гісторыка ў сучасным грамадстве».

Копытинские чтения – III: сборник статей Международной научно-практической конференции / под общ. ред. А. М. Авласовича. — Могилев : МГУ имени А. А. Кулешова, 2020. — 172 с. : ил.

msu.by/bel