Печать

Універсітэт узнагароджаны дыпломам Рэспубліканскай выставы

Рэспубліканская выстава творчасці_МДУ_Куляшова

Дыпломам Рэспубліканскай выставы сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў «Грані творчасці» ўзнагароджаны ўніверсітэт падчас свята «Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь – 2020». Нагадаем, свята праходзіла з 28 па 31 студзеня ў г. Пінску. Дыплом уручаў прадстаўнікам нашай дэлегацыі непасрэдна Міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка. Дыплом атрыманы за (цытата) «укараненне інавацыйных формаў сацыякультурных камунікацый, фарміраванне каштоўнасных адносін да гісторыка-культурнай спадчыны і актыўны ўдзел у рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыі, прысвечанай Году малой радзімы».

Трэба адзначыць тое, што прадстаўнікі ўніверсітэта прымалі даволі актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах Свята. Так, нашы студэнты і выкладчыкі прысутнічалі на адкрыцці Рэспубліканскага свята, ускладалі кветкі да Мемарыяльнага комплексу вызваліцелям Пінска. 31 студзеня на круглым стале свае праекты прэзентаваў Міхаіл Юр’евіч Ганін. Перадусім ён распавёў пра цыкл дакументальных навел «Нашчадкі Перамогі», а таксама прадэманстраваў вядомую ў Беларусі стужку «Танга жыцця», прысвечаную памяці вязняў нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў.

Асобна Міхаіл Ганін спыніўся на апошнім дакументальным праекце вытворчасці ўніверсітэцкай студыі «Позірк». Назва гэтага праекта — «Ён лётаў на Берлін». Па словах стваральніка стужкі, гутарка ў ёй вядзецца пра савецкага лётчыка, які здзейсніў некалькі дзёрзкіх налётаў на сталіцу нацысцкай Германіі. Сёння гэты 96-гадовы ветэран жыве ў Магілёве. Дарэчы, афіцыйная прэзентацыя праекта «Ён лётаў на Берлін» адбудзецца 18 лютага ў 14:50 у канферэнц-зале ўніверсітэта.

Агульныя ўражанні ад наведвання г. Пінска, новай маладзёжнай сталіцы Беларусі, самыя пазітыўныя. Распавядае Ягор Малейка: «Добрыя ўмовы пражывання, цікавыя мерапрыемствы, у тым ліку майстар-класы. Зацікавіў праект стварэння маладзёжнага YouTube-канала. Дарэчы, штосьці падобнае да гэтага праекту ўжо існуе ва ўніверсітэце. Я маю на ўвазе YouTube-канал MSU NEWS. Спадабаўся таксама горад. Сталіца Палесся парадавала добрым надвор’ем і гасціннасцю».

msu.by/bel