Печать

«Раманаўскія чытанні» аб’ядналі даклады 103 даследчыкаў з 5 краін свету

Раманаўскія_чытанні_МДУ_Куляшова

Даклады 103 даследчыкаў з 5 краін свету (Беларусь, Расія, Ізраіль, Украіна, Польшча) уключаныя ў праграму Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Раманаўскія чытанні — ХІV», якая распачала сваю працу сёння ў МДУ імя А. А. Куляшова. Кола пытанняў, запланаваных для абмеркавання, — дастаткова шырокае: гэта і дыскусійныя моманты ў гісторыі Беларусі, і сацыяльна-эканамічнае становішча нашай краіны на сучасным этапе, і праблемы, звязаныя з гістарыяграфіяй, філасофіяй, культуралогіяй, рэлігіязнаўствам, гісторыяй цывілізацый, археалогіяй. Асобныя секцыі аб’яднаюць мовазнаўцаў і літаратуразнаўцаў, сацыёлагаў.

«„Раманаўскія чытанні“ даўно ўжо зрабіліся візітнай карткай нашага ўніверсітэта», — адзначыў, адкрываючы пленарнае пасяджэнне, прарэктар па вучэбнай рабоце Алег Віктаравіч Дзячэнка. Па яго словах, канферэнцыя дае добрую магчымасць абмену меркаваннямі па актуальных пытаннях гісторыі. «Перакананы ў тым, што вучоныя знойдуць агульную мову, а ісціна народзіцца, як і мае быць, у навуковых дыскусіях», — адзначыў прарэктар. Прывітала навукоўцаў таксама і прарэктар па навуковай рабоце Алена Валер’еўна Цімошчанка. Яна пажадала прысутным плённай працы.

Вялікая ўвага на пленарным пасяджэнні была нададзеная прэзентацыі толькі што надрукаванай у выдавецтве ўніверсітэта манаграфіі пад назваю «Полацк у святле станаўлення гістарычных і нацыянальных форм беларускай дзяржаўнасці (ІХ–XХ стст.)». Пад адной вокладкай кніга аб’яднала вопытных і маладых гісторыкаў і археолагаў. Кіравалі калектывам аўтараў рэктар універсітэта, прафесар Дзяніс Уладзіміравіч Дук і доктар гістарычных навук, прафесар, вядомы грамадскі і палітычны дзеяч Ігар Аляксандравіч Марзалюк. У цэнтры ўвагі навукоўцаў, па словах аднаго з аўтараў выдання, кандыдата гістарычных навук Яніны Рыер, знаходзіцца горад Полацк і Полацкае княства. Манаграфіі будзе прысвечаны асобны матэрыял.

Адзначым як заўжды змястоўнае выступленне Ігара Аляксандравіча Марзалюка, які падзяліўся з прысутнымі грунтоўнымі ведамі па гісторыі беларускага Сярэднявечча, а таксама распавёў пра спецыфіку ўспрыняцця Полаччыны ў беларускай, расійскай і польскай гістарыяграфіях. Ігар Аляксандравіч асобна падкрэсліў ролю Магілёва і магілёўцаў у стварэнні аб’ектыўнага малюнка гісторыі нашай краіны. Даклад Ігара Марзалюка выклікаў дыскусію, у якой паўдзельнічалі прысутныя на пасяджэнні студэнты і выкладчыкі. Цікавым многім падалося выступленне доктара гістарычных навук, прафесара Якава Рыгоравіча Рыера. Некалькі разоў яго словы ў канферэнц-зале сустракалі апладысментамі. Было шмат пытанняў. Якаў Рыгоравіч распавёў пра беларускія землі ў кантэксце сярэднявечных еўрапейскіх цывілізацый. На гэтым пленарнае пасяджэнне было завершана. Зараз навукоўцы працуюць на секцыйных пасяджэннях. Пажадаем ім плёну!

msu.by/bel