Печать

Таленавітых вучняў на базе ІПКіП падрыхтаваў да алімпіяды дацэнт Дзмітрый Доўгаль

Курсы па беларускай мове_МДУ_Куляшова

Завяршыла працу «Школа падрыхтоўкі да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры». Паўтара месяца яна дзейнічала на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі МДУ імя А. А. Куляшова. Ініцыятар стварэння Школы — дацэнт кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі Дзмітрый Аляксандравіч Доўгаль, які мае багаты вопыт падрыхтоўкі адораных і высокаматываваных вучняў да інтэлектуальных і творчых конкурсаў.

Выпускнікамі курсаў зрабіліся школьнікі 8–11 класаў устаноў адукацыі Магілёўскай вобласці. За перыяд навучання яны адкрылі для сябе многія сакрэты роднай мовы, пазнаёміліся з яркімі асобамі і з’явамі ў сучаснай беларускай літаратуры, атрымалі вопыт стварэння вусных і пісьмовых выказванняў. «Заняткі, якія праходзілі ў Школе, былі вельмі карысныя і цікавыя для мяне. Асабліва спадабаліся актыўная форма правядзення заняткаў, багацце выкарыстанага нагляднага матэрыялу і разнастайнасць дадзеных нам ведаў. Хачу падзякаваць арганізатарам за такі цудоўны вопыт», — тлумачыць вучаніца СШ № 25 г. Магілёва Марыя Церахава.

«Шчыра дзякую за заняткі нашаму выкладчыку Дзмітрыю Аляксандравічу. Ён зрабіў вялікую працу: даў самыя глыбокія і карысныя веды, не забываючы пра станоўчыя эмоцыі і цёплую атмасферу», — распавядае вучаніца СШ № 33 г. Магілёва Крысціна Кузьмянкова.

Уручаючы сертыфікаты аб заканчэнні курсаў, начальнік аддзела рэалізацыі праграм даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі ІПКіП А. В. Бірукоў выказаў спадзяванне на тое, што Школа будзе працаваць і ў наступным годзе, а сённяшнія вучні неўзабаве папоўняць шэрагі студэнтаў МДУ імя А. А. Куляшова.

msu.by/bel