Печать

Дзень маці адзначаюць ва ўніверсітэце

День матери_МГУ_КУЛЕШОВА

Шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя Дню маці, праходзяць зараз ва ўніверсітэце. Але старт ім быў дадзены яшчэ ў пятніцу, калі праходзіла маштабная акцыя «Павіншуем маці разам». Па словах старшыні прафкама студэнтаў Таццяны Навіцкай, да свята былі падрыхтаваныя 600 паштовак, у якія магчыма было ўпісаць добрыя словы, адрасаваныя любай маці. Потым тыя віншаванні бясплатна даходзілі да атрымальніка. «Маці — гэта святое. І лішні раз сказаць ёй добрыя словы ўдзячнасці не пашкодзіць. Гэтая акцыя добрая ўжо тым, што нагадвае нам пра свята маці. Не сакрэт, што за будзённымі справамі многія важныя рэчы губляюцца, а потым даводзіцца шкадаваць пра страчаныя магчымасці», — тлумачыць студэнтка гісторыка-філалагічнага факультэта Яна Папруга.

На факультэце педагогікі і псіхалогіі дзяцінства ў мінулую пятніцу адбыўся круглы стол з удзелам студэнтаў-завочнікаў, паведаміла намеснік дэкана Ірына Батура. Удзельнікі круглага стала абмеркавалі такія важныя тэмы, як роля маці ў працэсе фарміравання гендарнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага ўзросту, метады заахвочвання і пакарання дзяцей у працэсе сямейнага выхавання. Сёння на гісторыка-філалагічным факультэце выкладчыцы-маці атрымалі салодкія падарункі — цукеркі і шакаладкі. «Мы разумеем, што нашы падарункі не дужа вялікія, але спадзяемся на тое, што яны выклікаюць станоўчыя эмоцыі ў нашых шаноўных жанчын-педагогаў», — распавялі ў студэнцкім савеце факультэта.

msu.by/bel