Печать

У міжнародным археалагічным праекце прымалі ўдзел студэнты ўніверсітэта

Археалагічныя раскопкі_МДУ_Куляшова

Студэнты першага курса гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ імя А. А. Куляшова з 8 па 21 ліпеня ўдзельнічалі ў сумеснай беларуска-расійскай архітэктурна-археалагічнай экспедыцыі па вывучэнні Спаса-Праабражэнскага храма ў Полацкім Спаса-Еўфрасінеўскім манастыры. Два тыдні яны дапамагалі раскопваць падмуркі невядомых раней галярэй каля паўночнай і заходняй сцен будынка. Раскопкі маюць надзвычай важную місію — уратаванне знакамітых фрэсак храма. Раскапаныя падмуркі ўмацоўваюцца, забяспечваецца іх гідраізаляцыя.

Нягледзячы на даждлівае надвор’е, раскопкі ішлі штодня пад спецыяльным навесам. Манастыр гасцінна карміў поснымі, але смачнымі абедамі. Студэнты жылі ў інтэрнаце ў г. Наваполацку, дзякуючы чаму пазнаёміліся з цэнтрам беларускай нефтахімічнай прамысловасці. У другой палове дня студэнты, у адпаведнасці з праграмай практыкі, апытвалі палачан сталага ўзросту аб штодзённым жыцці ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час, наведвалі музеі і экскурсіі, слухалі лекцыі. Найбольш запамінальнымі былі экскурсіі па корпусу Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (былы езуіцкі калегіум), па Спаса-Еўфрасінеўскім манастыры, па гораду Полацку і Віцебску, наведванне музея ткацтва, Сафійскага сабора і выставы, прысвечанай упрыгожванням Полацкага княства 10–13 стст., мастацкай галярэі.

У лабараторыі кафедры гісторыі і турызму ПДУ адбыліся сустрэчы-лекцыі з антраполагам Вольгай Емяльянчык, кіраўніком экспедыцыі археолагам Аляксеем Коцам. У самой царкве лекцыю па эпіграфіцы Спаскага храма прачытала Іна Калечыц, а па архітэктуры храма — загадчык сектара архітэктурнай археалогіі дзяржаўнага Эрмітажу Расйскай Федэрацыі Мікалай Торшын.

Аляксандр Агееў,
фота: Facebook

msu.by/bel