Печать

75-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца…

Літаратурны салон_МДУ_Куляшова

Вялікая Айчынная вайна пакінула значны след у памяці беларускага народа. Амаль у кожнай сям’і да гэтага часу жывуць згадкі пра тыя, далёкія ўжо ад нас, падзеі. На мінулым тыдні сямейнымі гісторыямі пра вайну, акупацыю і вызваленне дзяліліся студэнты ўніверсітэта. Адбывалася гэта ў літаратурна-мастацкім салоне. Яго гаспадыня, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Марына Іванаўна Чмарава, прапанавала студэнтам распавесці пра дзядуль і пра бабуль. Вынікла, праўда, што ў большасці маладзёнаў і бабулі, і дзядулі нарадзіліся ўжо пасля вайны. А вось прадзядулі і прабабулі сапраўды перажылі ваеннае ліхалецце і пакінулі нашчадкам каштоўныя ўспаміны.

Так, адзін са студэнтаў згадаў пра тое, што яго прадзед патрапіў у палон недзе пад Мінскам і знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лагеры. Нейкім цудам яму ўдаліся ўцёкі. Студэнтка спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» распавяла пра тое, што яе прабабуля адна выгадавала пяцёра дзяцей. Муж яе быў партызанам і загінуў. Дзяцей мужная жанчына выратавала з падпаленага паліцаямі дома. У свой час класікі беларускай літаратуры Уладзімір Калеснік, Янка Брыль і Алесь Адамовіч збіралі падобныя жывыя ўспаміны па ўсёй Беларусі. У выніку з’явіліся шэдэўры дакументальнай прозы, кшталту кнігі-памяці «Я з вогненнай вёскі».

Гісторыі, якімі дзяліліся студэнты, збольшага былі трагічнымі. У кагосьці на вайне загінулі родныя, у кагосьці родныя памерлі ад голаду, пацярпелі ад бамбёжак. «Мэта гэтага мерапрыемства — простая, — тлумачыць Марына Чмарава. — Хочацца, каб памяць пра вайну захоўвалі маладыя людзі, каб сямейныя гісторыі нікуды не знікалі. Памяць — гэта важная ментальная, духоўная частка нашага народа».

msu.by/bel