Печать

Адбылася сустрэча з паэтам Уладзімірам Ясевым

Творчая сустрэча_МДУ_Куляшова

Творчая сустрэча з паэтам, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі, прарэктарам Уладзімірам Віктаравічам Ясевым адбылася ўчора ва ўніверсітэце. На мерапрыемстве прысутнічалі аматары прыгожага слова — студэнты, выкладчыкі, пісьменнікі. Адкрыла сустрэчу гаспадыня ўніверсітэцкага Літаратурнага салона Марына Чмарава. «Мы адзіны ўніверсітэт у Беларусі, прарэктарам якога з’яўляецца сапраўдны творца, паэт, які тонка адчувае рэчаіснасць, валодае словам», — адзначыла Марына Іванаўна. Звяртаючыся да прысутных, Уладзімір Ясеў выказаў удзячнасць за ўвагу да сваёй творчасці, а таксама заўважыў: «Я хачу, каб сёння прагучалі розныя вершы — рускамоўныя і беларускамоўныя, філасофскія і лірычныя, вершы для дзяцей і для дарослых. Спадзяюся, што мая творчасць будзе сугучнай вашым эмоцыям і вашаму густу».

Мастацкі набытак Уладзіміра Ясева надзвычай багаты. Яго вершы добра кладуцца на музыку. Дарэчы, адзін з іх натхніў нашага выдатнага кампазітара Пятра Пятровіча Забелава на напісанне песні, якая прагучала на сустрэчы ў выкананні студэнтак факультэта пачатковай і музычнай адукацыі. «Вершы я пачаў пісаць яшчэ ў школе, — прызнаецца Уладзімір Ясеў. — Спачатку карыстаўся выключна рускай мовай. У школе горада Быхава, дзе займаліся ў асноўным дзеці вайскоўцаў, беларуская мова не вывучалася. Потым адбыўся пераезд у Магілёў, і мова зрабілася адным з любімых маіх прадметаў». Адметнасць Уладзіміра Ясева сапраўды ў тым, што ён аднолькава добра валодае і рускай, і беларускай мовамі, а яшчэ яго паэзія мае глыбокі гуманістычны змест. «Вершы Уладзіміра Віктаравіча ззяюць чысцінёй і духоўнасцю, — выказала меркаванне паэтэса, кандыдат філалагічных навук Наталля Аляксандраўна Міхальчук. — Сённяшні час, на жаль, не паэтычны, а прагматычны. Паэту часта даводзіцца цярпець кпіны, паэты самотныя і безабаронныя. Нездарма адзін філосаф адносна паэзіі выказаўся: „Гэта самая чорная праца і самая светлая справа“. Вершы Уладзіміра Віктаравіча менавіта светлыя, сонечныя».

«Я ведаю Уладзіміра Ясева не так даўно, — кажа старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Алесь Мікалаевіч Казека. — Яго вершы мяне ўразілі зместам, глыбінёю, філасафічнасцю. Вельмі хутка з Уладзімірам Віктаравічам мы сталі паплечнікамі. Аднадумцамі. Жадаю свайму сябру плёну і натхнення!». Яшчэ адзін вядомы магілёўскі паэт Сяргей Украінка павіншаваў Уладзіміра Ясева з таленавітымі і разнастайнымі вершамі. У прыватнасці, Сяргей Сяргеевіч меў на ўвазе японскую паэзію ў стылі «хоку». «Той, хто звяртаецца да гэтага жанру, не можа быць не глыбокім, не ўдумлівым чалавекам», — выказаўся Сяргей Украінка.

msu.by/bel