Печать

Наш удзел у адкрыцці духоўна-асветніцкага цэнтра

Духоўна-асветніцкі цэнтр_МДУ Куляшова

Прадстаўнікі МДУ імя А. А. Куляшова 27 сакавіка прынялі актыўны ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці першага ў Беларусі духоўна-асветніцкага цэнтра імя Кірыла і Мяфодзія. Цэнтр знаходзіцца ў другім навучальным корпусе Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, які працяглы час узначальвае вядомы ў нашай краіне арганізатар адукацыі, педагог, выпускнік колішняга гістарычнага факультэта ўніверсітэта Алег Адамавіч Бахановіч. Падкрэслім тое, што сваім узнікненнем духоўна-асветніцкі цэнтр цалкам абавязаны руплівай працы Алега Адамавіча, які на цырымоніі адкрыцця адзначыў важнасць духоўнага выхавання моладзі, вяртання да традыцыйных для беларусаў каштоўнасцяў.

Складаецца Цэнтр з дзвюх залаў, прысвечаных традыцыйным канфесіям нашай краіны. У гонар адкрыцця Цэнтра адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Духоўнасць — моладзь — ініцыятыва». Пасля канферэнцыі былі арганізаваныя круглыя сталы.

Згадаем тое, што папярэднічала канферэнцыі выстава духоўна-асветніцкай літаратуры. Большую яе частку складала экспазіцыя МДУ імя А. А. Куляшова. Па-першае, дзейнічала прафарыентацыйная пляцоўка, якая знаёміла прысутных з новай спецыяльнасцю гісторыка-філалагічнага факультэта — «Гісторыя (рэлігій)». Інфармацыю пра гэту спецыяльнасць магчыма атрымаць на сайце ўніверсітэта. У якасці арганізатараў прафарыентацыйнай пляцоўкі выступілі старшы выкладчык кафедры ўсеагульнай гісторыі Аляксей Віктаравіч Бірюкоў, студэнцкая прэс-служба. Па-другое, бібліятэка ўніверсітэта прадэманстравала манаграфічныя даследаванні, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, якія ў дастатковай ступені праілюстравалі навуковы і адукацыйны патэнцыял ВНУ. Арганізавала кніжную выставу загадчыца ўніверсітэцкай бібліятэкі Алена Мікалаеўна Астапава.

Адзначым, што нашу пляцоўку наведалі прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады горада і вобласці, а таксама педагогі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, святары. Паралельна з выставай у канферэнц-зале каледжа праходзіў урачысты канцэрт. Таксама не абышлося без прадстаўнікоў нашага ўніверсітэта. З прыгожай музычнай кампазіцыяй «Авэ Марыя» выступіла наша студэнтка, лаўрэатка міжнароднага конкурса «Зоркі Прыдняпроўя – 2018» Караліна Яфрэмава.

На пленарным пасяджэнні прагучалі 9 дакладаў. У прыватнасці, пра гісторыю жыцця і дзейнасці Кірылы і Мяфодзія распавёў кандыдат гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі і ўсходніх славян Пётр Фролавіч Дзмітрачкоў. Даклад выклікаў дыскусію. Таксама з дакладам выступіў дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Сяргей Эдуардавіч Сомаў.

Працу двух круглых сталоў ўзначалілі кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, прарэктар універсітэта па навуковай рабоце Віктар Уладзіміравіч Старасценка і кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, прарэктар універсітэта па вучэбнай рабоце Алег Віктаравіч Дзячэнка. Віктар Старасценка каардынаваў круглы стол, прысвечаны праваслаўю і сучаснасці. Алег Дзячэнка, у сваю чаргу, каардынаваў працу круглага стала, на якім разглядаліся праблемы міжканфесійнага супрацоўніцтва ў сферы духоўна-маральнага выхавання асобы.

msu.by/bel

Для обеспечения удобства пользователей сайта msu.by используются файлы cookie. Подробнее об этом вы можете узнать в Политике в отношении обработки файлов cookie.
Принять