Роўна 50 год назад прафесар Абабурка пачаў працаваць у нашым універсітэце. У далёкім 1970 годзе Мікалай Васільевіч прыехаў у Магілёў, прывёз з сабой дзве валізы кніжак і уладкаваўся на кафедру беларускай мовы старшым выкладчыкам. Можна сказаць, што наш горад у лёсе прафесара Абабуркі — гэта пэўная выпадковасць. Так склалася, што ў Магілёўскім педінстытуце на пачатку 70-х раптам узнік дэфіцыт кадраў. Тагачасны рэктар Іван Пятровіч Ларчанка заўважыў маладога лінгвіста, прыехаў па яго ў Мінск і, што называецца, пераканаў, а, магчыма, і спакусіў Магілёвам. «Жонцы знойдзем працу, дзеткам будзе добры садок, а як абароніцеся — то і кватэру дадзім», — угаворваў Іван Ларчанка. Глядзець відыё інтэрв’ю.
Мікалай Абабурка вагаўся не доўга… «А што, калі сапраўды Магілёў — гэта мой шанец і мой лёс», — думаў будучы прафесар, збіраючы рэчы. Педінстытут сустрэў гасцінна, па-сяброўску, а вось горад не спадабаўся: падаўся залішне змрочным і няўтульным. Кафедру мовы тады ўзначальваў Антон Лукіч Юрэвіч, побач працавалі выдатныя мовазнаўцы — Соф’я Якаўлеўна Кечык, Рыгор Нічыпаравіч Клюсаў, Марыя Паўлаўна Луферава, Любоў Іванаўна Аляксеенка. Старшы выкладчык Абабурка чытаў сінтаксіс. Быў суворы і прынцыповы, але студэнты яго паважалі. Сярод тых маладзёнаў, з якімі давялося працаваць, былі будучы прарэктар па вучэбнай рабоце Мікалай Пятровіч Бузук, будучы загадчык кафедры журналістыкі Мікалай Мікалаевіч Караткоў, будучая амерыканістка, дацэнт Алена Іванаўна Бубянцова. «Згадваюцца або самыя добрыя, або самыя дрэнныя студэнты», — прызнаецца Абабурка.
Магілёўскі філфак быў вядомы ва ўсёй Рэспубліцы. Былі, перадусім, моцныя кадры. Да таго ж, падтрымліваў выкладчыкаў і рэктарат. Мікалай Абабурка распавядае пра тое, што адразу пасля абароны кандыдацкай дысертацыі ён сапраўды, як і абяцаў яму І. П. Ларчанка, атрымаў кватэру. Праз тры гады перайшоў на пасаду загадчыка кафедры. «Быў стымул працаваць!» — падкрэслівае суразмоўца.
Што істотна, гадзін хапала ўсім… Была іншая эпоха — была і іншая нагрузка. Напрыклад, на праверку курсавой работы выдзялялася 15 гадзін. Для параўнання, зараз — 3 гадзіны. На дыпломную работу — 50 гадзін, зараз — 18. Аўдыторная нагрузка дацэнта, па словах Мікалая Васільевіча, вялікай не была. Хапала часу і на сям’ю, і на навуку. А вось заробкі… З душэўным трымценнем прыводзім памеры заробкаў старшага выкладчыка Абабуркі (120 рублёў) і дацэнта Абабуркі (340 рублёў). Заробак дацэнта падскочыў ці не ўтрая.
Яшчэ тое, што характарызавала філфак у тыя часы, — гэта сяброўская атмасфера. «Мы адзначалі ўсе святы разам, танчылі, спявалі, хадзілі адзін да аднаго ў госці», — згадвае прафесар. Сябравалі кафедрамі… Асабліва добрыя ўзаемасувязі склаліся ў «моваведаў» з кафедрай беларускай літаратуры. Сябравалі з Валерыем Іосіфавічам Атрашкевічам, Міколам Пятровічам Луферавым, Якубам Кірылавічам Усікавым, Яраславам Іванавічам Клімуцём… «Файная была кампанія! — прызнаецца Мікалай Абабурка. — Маналітная!».
У характары прафесара Абабуркі адчуваецца тая прыродная моц, рацыянальна патлумачыць якую немагчыма. Гэта нешта няўлоўнае, зубрынае, спраконвечнае. Вось ёсць яно, і ўсё тут! Такія характары добра апісаў Амар Хаям: «Моцны не той, у каго ўсё добра, а той, у каго ўсё добра, нягледзячы ні на што!».
«Я з роду тых людзей, якія цягам некалькіх пакаленняў верай і праўдай служылі Радзівілам, — даводзіць Абабурка. — Дзед быў лесніком. Дарэчы, вобраз дзеда дужа падобны да коласаўскага Міхала з „Новая зямлі“. Лёс сям’і, праўда, не быў шчаслівым. У 1939 годзе яе напаткала спачатку раскулачванне, а потым і высылка з Беларусі. Радзіму пакінулі дзед, а таксама 12 цётак і дзядзькоў. Вярнуліся назад толькі трое». Сам наш суразмоўца нарадзіўся за месяц да пачатку вайны. «Вёску спалілі. Жылі мы ў лесе. Як немцы сышлі — вярнуліся. Здзівіліся, калі ўгледзелі ацалелую клець, у кожным кутку якой юцілася сям’я». Яшчэ адзін красамоўны ўспамін: «Калі немцы адступалі, пачалася жахлівая страляніна. Мы ўсе пабеглі ў лес. Маці пашкадавала хлеб, баялася, што ён згарыць разам з хатай. Жанчына даручыла 4-гадовага Міколку крыху старэйшай за яго сястрычцы. Тая ў адной руцэ трымала ляльку, другой вяла малога ў лес. На паўдарозе дзяўчынка стамілася, кінула брата і пабегла ў лес адна. І я застаўся ў жыце. Адшукала мяне маці…». Вось такая гісторыя, вартая дакументальнага цыклу аповесцей «Я з вогненнай вёскі» Адамовіча, Брыля і Калесніка.
Вышэйшую адукацыю Мікалай Васільевіч атрымаў на філфаку БДУ. Ён належыць да так званага «філалагічнага пакалення» ў беларускай культуры, якое дало свету цэлую плеяду таленавітых паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў. І гэта не дзіўна, бо ў 60-я гады ў БДУ выкладалі Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Іван Навуменка, Дзмітрый Бугаёў… Зоркі беларускай навукі!
І крыху рамантыкі на завяршэнне… «Кветка Палесся», або Яўгенія Янішчыц.
З Янішчыц я пазнаёміўся тады, калі ўжо быў аспірантам. Кіраваў іх групай на сельгасработах. Мы з Жэняй ледзь не пабраліся шлюбам. Узаемаадносіны былі вельмі рамантычныя! Хадзілі на плошчу Перамогі, грэліся каля Вечнага агню. Лёс, праўда, нас разлучыў. Жэня ехала ў Магілёў і патрапіла ў аварыю. Ляжала ў мясцовай лякарні, чакала мяне, але… Я не прыехаў. Гэтакі лёс… (Мікалай Васільевіч цяжка ўздыхае — В. Е.)
Працяг размовы з паважаным прафесарам — на гэтым відыё.