Дзень кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый адзначылі ўчора на гісторыка-філалагічным факультэце МДУ імя А. А. Куляшова. Мерапрыемства, якое адбывалася ў памяшканні літаратурна-мастацкага салона, аб’яднала некалькі пакаленняў выкладчыкаў, а таксама, што вельмі важна, студэнтаў. «Наша кафедра — неад’емная частка былога філфака, — распавядае цяперашняя загадчыца КЛіМК Таццяна Іванаўна Борбат. — Утварылася яна на падмурку трох колішніх кафедр — беларускай літаратуры, рускай і замежнай літаратуры, а таксама кафедры журналістыкі. Безумоўна, новая кафедра ўвабрала багатыя традыцыі сваіх папярэдніц. Нам ёсць, чым ганарыцца і ёсць чым падзяліцца з моладдзю».
«Філфак заўжды быў моцны выкладчыцкімі кадрамі, — адзначае былы дэкан філалагічнага факультэта, пісьменнік і літаратуразнаўца, дацэнт Яраслаў Іванавіч Клімуць. — Мы заўжды імкнуліся да таго, каб беларускае мастацкае слова як мага часцей гучала ў сценах універсітэта. Ладзілі навуковыя канферэнцыі, праводзілі літаратурныя вечарыны, імпрэзы. На філфаку нават быў уласны тэатр, дзе ставіліся п’есы самых розных аўтараў». Яраслаў Клімуць згадаў імёны выбітных навукоўцаў, педагогаў — Валерыя Іосіфавіча Атрашкевіча, Якуба Кірылавіча Усікава, Барыса Сямёнавіча Бесчарэўных, Міхася Рыгоравіча Міхайлава, Валянціну Фёдараўну Сакалову і ншых. «На кафедры працуе не адно пакаленне філолагаў, склаліся нават працоўныя дынастыі», — сказаў дацэнт Сяргей Эдуардавіч Сомаў. Па яго словах, на філфаку заўжды панавала своеасаблівая дэмакратычная атмасфера. «Студэнты і выкладчыкі былі аднадумцамі, захоўвалі сяброўскія адносіны праз усё жыццё», — падкрэсліў ён.
Згадваў універсітэцкія гады і былы старшы выкладчык кафедры журналістыкі, паэт Сяргей Сяргеевіч Украінка. Дарэчы, ён прачытаў уласныя вершы, прысвечаныя калегам і нашай навучальнай установе. Варта тут заўважыць тое, што творчасць, паэзія Сяргея Украінкі — адна з візітовак літаратурнага Падняпроўя. Успамінамі пра калег, універсітэт падзяліўся былы загадчык кафедры журналістыкі Мікалай Мікалаевіч Караткоў. «Што асабліва захавалася ў памяці? Больш за ўсё згадваюцца ўзаемаадносіны ў калектыве, павага да чалавека, сяброўства, далікатнасць, — распавядае Мікалай Караткоў. — Адчувалася тое, што ты патрэбны, што ў тваёй працы зацікаўлены і кіраўніцтва, і студэнты. Мне здаецца, зараз гэтай цеплыні, узаемапавагі, чалавечнасці нам часта сёння не стае». Падзяліўся ўспамінамі і былы старшы выкладчык кафедры журналістыкі Пётр Мікалаевіч Камкоў. Ён, між іншым, у 80-я гады выконваў абавязкі намесніка дэкана па выхаваўчай працы. Пятра Мікалаевіча і зараз калегі згадваюць добрым словам, згадваюць яго бліскучыя музычныя імпрэзы, гумар і прафесіяналізм.