Літаратурная імпрэза «Паклонімся вялікім тым гадам» прайшла ўчора ва ўніверсітэце. Мерапрыемства, прысвечанае Перамозе над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, арганізавалі студэнты і выкладчыкі гісторыка-філалагічнага факультэта. Па словах загадчыка кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Таццяны Борбат, мэта імрэзы заключалася ў тым, каб прыцягнуць увагу студэнцкай моладзі да фактаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, а таксама яшчэ раз нагадаць пра вялізны кошт, які заплаціў наш народ за доўгачаканую Перамогу. «Мы прапануем нашым гледачам песні ваенных гадоў, вядомыя вершы паэтаў-франтавікоў, а таксама невялічкую тэатральную пастаноўку па творчасці беларускіх аўтараў», — заўважыла наша суразмоўца.
На працягу імпрэзы гучалі вершы Канстанціна Сіманава, Аляксея Суркова, Іллі Эрэнбурга. З вялікім захапленнем прысутныя праслухалі ўрывак з апавядання Міхася Лынькова «Астап» у выкананні прафесара згаданай кафедры Алеся Макарэвіча. Урывак з апавядання Янкі Маўра «Завошта», прысвечаны ваеннаму ліхалеццю, прачытала Ганна Маркава, дачка дацэнта кафедры філасофіі Юліі Аляньковай. «Я спадзяюся на тое, што студэнтам будзе цікавай гэтакая форма падачы вучэбнай праграмы. Бо ўсе творы, якія сёння прагучалі, студэнты мусяць ведаць з курсаў па той або іншай літаратуры», — адзначыў Алесь Макарэвіч.