Сустрэча з ветэранам універсітэта, выдатным педагогам Тамарай Іванаўнай Якубовіч адбылася ўчора ў Залі славы. На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты і выкладчыкі, прадстаўнікі адміністрацыі ВНУ. У якасці арганізатара мерапрыемства выступіла ўніверсітэцкая арганізацыя «Белая Русь». Тамара Іванаўна вядомая сваёй цікавасцю да беларускай мовы, літаратуры. Яна — сапраўдны патрыёт нашай Радзімы! Зрэшты, размова на сустрэчы і датычылася Радзімы, толькі малой. «Мая малая Радзіма — гэта вёсачка, у якой я нарадзілася, гэта мая маці, поруч з якой я спявала беларускія песні», — распавяла Тамара Якубовіч. З неверагоднай цеплынёй яна дзялілася ўспамінамі пра маладосць, пра свае ўражанні ад вялікага горада (такім ёй некалі здаваўся Магілёў). «Зараз мая Радзіма — гэта ўся Беларусь, — працягвае Тамара Іванаўна. — Я ўпэўненая ў тым, што будучыня ў Беларусі будзе шчаслівай. Інакш і не можа быць, бо столькі выпрабаванняў, столькі горычы выпала на яе долю ў мінулым».
Асобна Тамара Якубовіч закранула тэму студэнцкіх гадоў. «Я мэтанакіравана рыхтавалася паступаць на філфак. Надзвычай любіла і люблю беларускую літаратуру. І зараз магу працытаваць нашых класікаў — Купалу, Багдановіча, Коласа. Лічу беларускую мову адной з найпрыгажэйшых і мілагучных у свеце». Тамара Іванаўна вучылася яшчэ ў старым корпусе ўніверсітэта — на вуліцы Ленінскай. Памятае многіх сённяшніх выкладчыкаў яшчэ за часамі іх студэнцтва. «Студэнцкія гады былі складанымі, але шчаслівымі, — прызнаецца яна. — Раю сённяшняй моладзі не губляць час дарма, назапашваць веды, браць ад выкладчыкаў самае лепшае». Сустрэчы з ветэранамі ўніверсітэта ў Залі славы зрабіліся ўжо традыцыйнымі. Нагадаем, у мінулы раз выпускнікі філфаку 1966 г. распавялі пра студэнцкі атрад на цаліне.