У межах тыдня кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства 12 красавіка прайшла імпрэза пад назвай «Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…». Убачыць мерапрыемства магчыма было ў этнаграфічным музеі ўніверсітэта. Па словах арганізатараў (выкладчыкаў і супрацоўнікаў кафедры), прысвечана імпрэза году малой Радзімы. Галоўная мэта, якую ставілі перад сабой выкладчыкі, — прыцягнуць увагу студэнцкай моладзі да беларускай мовы, культуры, гісторыі. «Уяўляецца важным тое, што мы маем магчымасць не толькі расказаць пра старадаўнія беларускія звычаі ды традыцыі, але і паказаць іх у музейным інтэр’еры, прадэманстраваць тыя экспанаты, якія былі сабраны студэнтамі падчас дыялекталагічнай практыкі», — заўважыла загадчык кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства Вольга Шаршнёва.
На мерапрыемстве прысутнічалі ў асноўным студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта. Вольга Шчацінка і Валерыя Вастрылава падрыхтавалі паведамленне пра музейныя экспанаты, зрабілі ўдалую прэзентацыю. Важна адзначыць таксама тое, што на імпрэзе быў створаны беларускі каларыт, адчувалася атмасфера гасціннасці і добразычлівасці. Адкрывалася імпрэза хлебам ды соллю, смачнымі беларускімі блінамі ды духмянай гарбатай.
На мерапрыемстве прысутнічалі таксама і студэнты з ліку замежных грамадзян. Яны з задавальненнем частаваліся беларускімі прысмакамі і нават спрабавалі размаўляць па-беларуску. «Імпрэза спадабалася, — кажа Салля Нармаметава. — Мы вырашылі пазнаёміць беларускіх студэнтаў з культурай і традыцыямі туркменскага народа. Так бы мовіць, зрабіць крок насустрач нашым сябрам…». «Мы маем спадзяванні на тое, што дадзенае мерапрыемства зробіцца традыцыйным», — адзначае дацэнт згаданай кафедры Таццяна Кажурына. Па яе словах, падобныя імпрэзы дапамагаюць студэнтам знайсці сяброў, па-іншаму паглядзець на культуру свайго і іншых народаў.