Міжнародны дзень роднай мовы адзначылі 21 лютага на факультэце замежных моў. Удзел у мерапрыемствах прынялі таксама студэнты факультэта пачатковай і музычнай адукацыі. Ініцыятарам і арганізатарам свята стала Алеся Валерьеўна Доўгаль, дацэнт кафедры тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі. Праграма мерапрыемства была дастаткова насычанай, яе ўдзельнікамі сталі студэнты і выкладычкі двух факультэтаў. Распачалося ўсё з віктарыны пад назвай «Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску!», удзел у якой прынялі 9 каманд (кожная складалася з 4 чалавек), з якіх 5 лепшых пазмагаліся ў фінале.
Пытанні віктарыны былі звязаны не толькі з беларускай мовай, але і літаратурай, культурай Беларусі. Барацьба была дастаткова напружанай, перамогу атрымалі дзве каманды, якія набралі аднолькавую колькасць балаў — адна з іх прадстаўляла факультэт ПіМА, а другая — замежных моў. Пераможцам уручылі салодкія падарункі ад прафкама студэнтаў. Другім выпрабаваннем для студэнтаў стаў лінгвакультуралагічны квэст, у якім удзельнічалі 8 каманд па 4 асобы ў кожнай.
Каманда мусіла як мага хутчэй наведаць 4 станцыі і адказаць пісьмова на пытанні. Завяршылася свята алімпіядай па беларускай мове і літаратуры, у якой свае веды правяралі 40 студэнтаў факультэта замежных моў 1–4 курсаў. Вынікі конкурсных іспытаў будуць абвешчаны бліжэйшым часам. А пакуль з упэўненасцю можна сказаць, што сёння мы ўсе імкнуліся гаварыць па-беларуску, адчулі асалоду роднай мовы, яшчэ раз пераканаліся ў яе значнасці для нас як нацыі.