У аздараўленчым лагеры «Любуж», на базе якога працуюць студэнты педагагічнага атрада імя Героя Савецкага Саюза І. Ц. Грышына, прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, паведаміў камандзір атрада Міхаіл Пагоцкі.
Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у ДАЛ «Любуж» быў арганізаваны паход у аграгарадок Кадзіна, дзе каля 100 выхаванцаў ушанавалі памяць загінуўшых салдат хвілінай маўчання каля брацкай магілы воінаў-вызваліцеляў. Патрыятычная акцыя «Праспяваем гімн разам» і святочны канцэрт аб’ядналі выхаванцаў, педагогаў, гасцей і бацькоў разам з усёй краінай.
У рамках рэспубліканскай акцыі пры падтрымцы Магілёўскай гарадской арганізацыі і сакратара ПА/РК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» МДУ імя А. А. Куляшова Кацярыны Сапетавай 4 ліпеня байцы педатрада правялі «Дзень вышыванкі». У лагеры былі арганізаваныя: квэст «Пошук арнаменту», інтэрактыўныя пляцоўкі «Таямніцы беларускага арнаменту», «Бульбатлон», майстэрні «Народная вышыванка», «Беларускі абярэг», гульнятэка «Беларускія гульні», малюнкі на асфальце «Родны сімвал». Усе гэтыя мерапрыемствы дазволілі выхаванцам даведацца больш цікавай і карыснай інфармацыі пра беларускія традыцыі і сваімі рукамі вырабіць абярэгі, пранікнуўшы ў таямніцы беларускай вышыванкі. У завяршэнні тыдня выхаванцы і байцы атрада былі задзейнічаны ў маштабным свяце «Купалле», які даў магчымасць пагрузіцца ў атмасферу традыцыйных абрадаў і адчуць увесь каларыт беларускай культуры.