payday loans
 

Могилевский государственный университет
имени А.А. Кулешова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Беларуская версія
Главная Свята
Свята

Нацыянальнае свята

Дзень беларускага пісьменства пройдзе сёлета ў Ганцавічах Брэсцкай вобласці 4 верасня. Эстафету правядзення свята (вымпел залатога шыцця) уручылі афіцыйнай дэлегацыі і лепшым вучням ў мінулым годзе ў Хойніках. Горад Ганцавічы заснаваны ў 1898 годзе на прытоку Прыпяці Цне, пабудаваны на землях графоў Чапскіх. У Ганцавіч багатая культурная спадчына, функцыянуюць 3 сярэднія школы, гімназія, ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, спецыяльная школа-інтарнат, дзіцячая школа мастацтваў, ГДК, Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей.

Герб горада Ганцавічы з сярэбранымі жураўлямі сімвалізуе багатую далёкую гісторыю, некранутую прыроду палескага краю, імкненне ў будучыню, міралюбства і шчасце. У Ганцавічах пасля 1990 года пабудаваны Благавешчанскі касцёл і Святаціханаўская царква. Вядомы горад такімі выдатнымі імёнамі, як А. Сержпутоўскі (1864-1940) – беларускі фалькларыст, этнограф, публіцыст, захавальнік беларускага і ўкраінскага аддзела Рускага музея; М. Рудкоўскі (1936-1991) – паэт. Асноўная ўвага ў час святкавання беларускага пісьменства будзе звернута на жыццё і творчасць Якуба Коласа, які настаўнічаў у вёсцы Люсіна ў 1902-1904 гг., шанаваў роднае беларускае слова, садзейнічаў пашырэнню асветы народа, прадаўжаў пісьмовыя традыцыі продкаў, пакінуў нам багацейшую спадчыну, сакавітае слова якога жыве ў кожным з нас.

За 18 гадоў свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця Беларусі. Штогод у святочных мерапрыемствах прымаюць удзел высокія афіцыйныя асобы краіны, дзеячы культуры, навукі, мастацтва, журналісты. Свята дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, удзельнікамі творчага працэсу стварэння кніг, газет і часопісаў, што садейнічае прапагандзе здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, пашырэнню інфраструктуры малых гарадоў, развіццю турызму, знаёміць жыхароў Беларусі і замежных гасцей з матэрыяльнымі, а галоўнае, духоўнымі помнікамі культуры.

Т. ЯКУБОВІЧ.

 

Главная Свята