payday loans
 

Могилевский государственный университет
имени А.А. Кулешова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Беларуская версія
Главная Студэнцкае жыццё Мова альбо язык?

Мова альбо язык?

Упэўнены, гэтым пытаннем кожны з нас хоць раз у жыцці задаваўся. Перад выбарам нас паставіў рэферэндум 1995 г., калі больш за 80% беларускага насельніцтва выказалася за існаванне дзвюх дзяржаўных моў - беларускай і рускай. Кожнаму прыйшлося стаяць перад дылемай - размаўляць на матчынай мове і рабіць крок павагі да роднай культуры ці абраць "русский язык" у якасці больш зручнага сродку зносін.

Выбар нашых бацькоў быў у большасці сваёй прадвырашаны - усё жыццё жывучы ў Савецкім Саюзе яны размаўлялі на рускай мове і не супраць былі гэта рабіць і ва ўжо суверэннай Беларусі. Аднак за 15 год з часоў рэферэндума вырасла новае пакаленне, якое ў 1995 г. было пазбаўлена выбару, а цяпер ужо мае трывалы погляд на моўную сітуацыю. Для таго, каб вызначыць, у які бок накіраваны погляды нашай будучыні - моладзі, дэбат-клуб "Дыялог" у рамках тэмы "Становішча беларускай культуры ў сучаснай Беларусі" вырашыў правесці круглы стол па моўнай сітуацыі ў нашай краіне сярод выкладчыкаў і студэнтаў.

Прыемна адзначыць, што гэта тэма мела вельмі шырокія водгукі і сярод студэнцкай аўдыторыі і сярод выкладчыкаў. Неабыякавасць да дадзенага пытання ўжо сама па сабе дае повад да аптымізму. Адзінае, хацелася, каб у нашых мерапрыемствах удзельнічалі не толькі студэнты гістарычнага, але і іншых факультэтаў. А вось сярод выкладчыкаў пашырыць геаграфію ўдзельнікаў у нас атрымалася - на наша запрашэнне прыняць удзел у круглым стале адгукнуліся выкладчыкі гістарычнага факультэта А.Р. Агееў, С.М. Бычок, Л.Я. Клімуць, І.А. Марзалюк і дэкан педагагічнага факультэта А.С. Лаўшук. Ужо з гэтых імёнаў бачна, што плённая размова не магла не атрымацца.

Перш чым звярнуцца да моўнага пытання ў Беларусі, мы папрасілі выкладчыкаў і аўдыторыю выказаць свае адносіны да моўнай сітуацыі ў іншых краінах. Перш за ўсё, гэта тычыцца краін Прыбалтыі, Босніі і Герцагавіны і інш, пра сутыкненні на культурнай глебе ў якіх мы можам даволі часта бачыць па тэлебачанні. А.Р. Агееў адзначыў, што "ніхто не забараняе ў штодзённым жыцці рускім у краінах Балтыі карыстацца рускай мовай, і наўрад ці можна гаварыць пра прыгнечанае становішча нацыянальных меншасцяў. А веданне афіцыйнай дзяржаўнай мовы для атрымання добрага працоўнага месца з'яўляецца агульнаеўрапейскай практыкай, і тыя, хто хацеў, літоўскую, латышскую ці эстонскую мову ўжо даўно вывучылі".

А што ў нас? Мне падаецца, што беларусы - унікумы. Яны з лёгкасцю адмаўляюцца ад сваёй нацыянальнай адметнасці. Дык, можа, вечная талерантнасць да ўсяго прышлага, у тым ліку да мовы, і ёсць наша самая яскравая рыса, можа, наша адметнасць звязана з полікультурнасцю? Адназначна адмоўна на гэта пытанне адказалі І.А. Марзалюк і Л.Я. Клімуць. Л.Я. Клімуць нагадала, што амаль кожная славянская краіна сутыкалася з такой праблемай - заходнеславянскім краінам спрабавалі навязаць нямецкую мову і культуру, паўднёваславянскім - турэцкую. Але яны не лічаць гэтыя мовы роднымі і добра бачаць мяжу паміж сваім і чужым. Такое ж павінна адбывацца і з беларусамі.

І.А. Марзалюк даволі аптымістычна выказаўся наконт сучаснага становішча беларускай мовы. Ён адзначыў, што на самой справе беларускую мову ведаюць не так дрэнна. Проста на ёй не вельмі жадаюць размаўляць. Дзеля таго, каб выправіць такую сітуацыю, неабходны пэўны штуршок. Напрыклад, Ігар Аляксандравіч выказаў упэўненасць, што калі пачнуць размаўляць на беларускай мове чыноўнікі (а яны гэта ўмеюць), то пацянуцца і астатнія. С.М. Бычок таксама заняў аптымістычную пазіцыю. Ён зазначыў, што беларусам патрэбны час - праз 20-30 год яны самі займуць бок беларускай мовы.

Што ж, будзем спадзявацца, што далейшая сітуацыя ў Беларусі будзе развівацца па самых аптымістычных прагнозах. Аднак пакуль да гэтага нам далёка - у праведзеным мною апытванні "Ці патрэбна павялічваць выкарыстанне беларускай мовы ў грамадскай, палітычнай і культурнай сферах" станоўча адказала 30 чалавек, адмоўна - 59, 5 чалавек занялі абыякавую пазіцыю. Далей разважайце самі…

А можа, мы ўсё ж пойдзем па шляху касмапалітызму і інтэрнацыяналізму - усе будзем вучыць толькі адну мову, напрыклад, англійскую, і ўпершыню з Вавілонскага стоўпатварэння людзі пачнуць разумець адзін аднаго? Не, так нельга. Гэта, канешне ж, зручны варыянт, але ніякую зручнасць немагчыма і нельга параўноўваць з нашай нацыянальнай самабытнасцю, нашымі нацыянальнымі рысамі. У адваротным выпадку ад беларусаў застанецца толькі назва, дарэмна прападуць змаганні за лепшую долю свайго народа К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа і цэлага шэрагу прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, загінуўшых у сталінскія часы, а беларуская мова паўторыць сумны шлях лацінскай, фрызскай і фрыгійскай, якія зараз з'яўляюцца мёртвымі. Што ж мы перададзім нашым нашчадкам? Хаця б дзеля іх мы павінны зберагчы родную мову - гэты цудоўны скарб, які прайшоў цераз церніі стагоддзяў і дазволіў нам сапраўды называцца нацыяй.

Ігар НІКІЦІН,
3 курс, гістфак.

 

Главная Студэнцкае жыццё Мова альбо язык?