payday loans
 

Могилевский государственный университет
имени А.А. Кулешова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Беларуская версія
Главная Новости Лента новостей Дэлегацыя МДУ імя А. А. Куляшова прымала ўдзел у Рэспубліканскім свяце

Дэлегацыя МДУ імя А. А. Куляшова на чале з прарэктарам універсітэта па выхаваўчай працы Уладзімірам Ясевым з 2 па 3 лютага прымала ўдзел у Рэспубліканскім свяце «Полацк — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь 2017».

У праграму Рэспубліканскага свята, якое прымаў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, уваходзіў і форум «Разам мы — Беларусь!». Гэта быў, без перабольшвання, адзін з цэнтральных этапаў святочнага мерапрыемства. Паспяховы замежны вопыт, агульная логіка і пазітыўная дынаміка развіцця маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне дазволілі Міністэрству адукацыі ў 2014 г. выйсці з ідэяй маштабнага праекту пад назвай «Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь». Вяршыняй Года моладзі, які, нагадаем, адзначаўся ў 2015 г., зрабіўся факт абрання першай маладзёжнай сталіцы. Ганаровы статус тады атрымаў горад Баранавічы. Не так даўно былі падведзеныя вынікі конкурсу на права насіць ганаровае імя маладзёжнай сталіцы Беларусі ў 2017 г. На гэты раз у барацьбе з дзесяццю канкурэнтамі перамог старажытны Полацк. Журы адзначыла такія моманты, як магчымасць атрымання якаснай адукацыі, добраўпарадкаванасць тэрыторыі горада, наяўнасць зручных месцаў для адпачынку моладзі. Рэспубліканскае свята «Полацк — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь 2017» пачалося 2 лютага ў полацкім палацы культуры ТАА «Шкловалакно». У перапоўненай зале прадстаўнік Баранавіцкага гарвыканкама Андрэй Міхайлавіч Сямашка перадаў сімвалічны ключ прадстаўніку новай маладзёжнай сталіцы, старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта Мікалаю Мікалаевічу Шаўчуку. Ганаровыя госці ўрачыстай цырымоніі (намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Раманаўна Якубовіч і другі сакратар ЦК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Сяргей Міхайлавіч Клішэвіч) выказалі ўпэўненасць у тым, што Полацк з гонарам выканае ўскладзеныя на яго функцыі маладзёжнай сталіцы. У гэтым яму, безумоўна, дапаможа Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, які зрабіўся сапраўднай alma mater для многіх таленавітых студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, маладых навукоўцаў, выкладчыкаў. Менавіта ПДУ было даверана ганаровае права прыняць Рэспубліканскі маладзёжны форум «Разам мы — Беларусь!». Маштабнае мерапрыемства, якое сабрала больш за 250 удзельнікаў, прымаў вучэбны корпус № 6, размешчаны ў пасёлку Міжрэчча. Гасцямі Форуму былі лідары маладзёжных арганізацый і органаў маладзёжнага самакіравання, маладыя спецыялісты, пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў, навукоўцы, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, прарэктары па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце з 46 устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама маладзёжная дэлегацыя з Азербайджана. Адной з цэнтральных падзей Форуму зрабіўся адкрыты дыялог прадстаўнікоў улады з моладдзю. У якасці мадэратара дыялогу выступіла начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Пшанічная. Удзельнікі атрымалі магчымасць абмеркаваць самыя вострыя праблемы, якія хвалююць маладое пакаленне краіны, і тым самым паспрыяць іх вырашэнню. У гэты ж час прарэктары па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце на чале з намеснікам міністра адукацыі В. Якжыкам прынялі ўдзел у працы круглага стала «Сучасныя падыходы да арганізацыі працы з моладдзю». Пасля завяршэння афіцыйнай часткі мерапрыемстваў першага дня Рэспубліканскага форуму «Разам мы — Беларусь!» яго ўдзельнікі атрымалі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з Полацкім дзяржаўным універсітэтам. У межах прэзентацыі дасягненняў ПДУ валанцёры ўніверсітэта прадэманстравалі амаль дзясятак розных інтэрактыўных пляцовак. Фальклорны калектыў «Варган» дазволіў далучыцца да багатага беларускага песеннага фальклора. Аматарскае аб’яднанне «Аніма» пазнаёміла з гісторыяй адукацыі і навукі Полаччыны. Духмянай кропкай у працы гэтай інтэрактыўнай пляцоўкі нязменна рабіўся шкляны кубачак гарачага шакаладу паводле рэцэпту Габрыэля Грубера. Студыя «TORYDANCE» прапанавала ўдзельнікам Форуму майстар-клас па сучасным танцы. Як планавалася, вывучаныя падчас заняткаў рухi павінны былі дапамагчы арганізаваць грандыёзны вулічны танцавальны флэшмоб «Універ. Моладзь. Live». Надвор’е не дазволіла, на жаль, ажыццявіць гэту задуму. Актывісты валанцёрскага цэнтра ПДУ, якія размясцілі сваю інтэрактыўную пляцоўку ў фае залы судовых пасяджэнняў, не толькі весела распавялі гасцям пра дасягненні валанцёрскага руху універсітэта, але і прапаноўвалі ім сваю дапамогу ў карэкціроўцы псіхаэмацыянальнага стану. Далей удзельнікі Форуму патрапілі ў гасцінныя абдымкі студэнтаў і выкладчыкаў юрыдычнага факультэта. Яны арганізавалі прэзентацыю Рэгіянальнага вучэбна-навукова-практычнага Юрыдычнага цэнтра, якая праходзіла ў зале судовых пасяджэнняў. У «зялёнай зоне» вучэбнага корпуса №6 гасцей чакалі «інтэлектуальныя стравы». Лепшы студэнт Беларусі 2016 года Дзмітрый Куксо падзяліўся сакрэтамі авалодвання трывалымі ведамі, а ўдзельнікі клуба Куб’ON на чале з сусветным рэкардсменам Уладзіславам Ушаковым правялі майстар-клас па спідкубінгу (зборка кубіка Рубіка і іншых галаваломак на хуткасць). Штаб працоўных спраў ГА «БРСМ» ПДУ прадставіў будатрад «Эўрыка» (лепшы атрад Усебеларускай маладзёжнай будоўлі – 2016). Маладыя навукоўцы ПДУ пазнаёмілі з вынікамі навукова-даследчай працы. Далей прысутныя на Форуме зноў вярнуліся ў палац культуры «Шкловалакно», дзе іх чакаў святочны канцэрт з удзелам папулярнага спевака і таленавітага кампазітара Сашы Нэма. Яркім працягам праграмы першага дня зрабіўся танцавальны форум-рух «PARTYкропкаBY», якi прайшоў у цэнтры Полацкага калегіума. Для студэнтаў таксама працавалі танцавальна-забаўляльныя і гульнявыя пляцоўкі, кафэ і фотазона. Другі дзень працы Рэспубліканскага маладзёжнага форуму «Разам мы — Беларусь!» пачаўся з кароткай, але змястоўнай экскурсіі па Полацку. Пасля наведвання Сафійскага сабора і Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра усіх чакаў працяг працы ў старажытных сценах Полацкага калегіума і былой брацкай школы полацкага Богаяўленскага манастыра. Госці Полацкага ўніверсітэта паўдзельнічалі і ў тэатралізаванай прэзентацыі рэспубліканскага культуралагічнага праекта «Францыск Скарына. Чалавек дасканалы », прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Вынікі Форуму адлюстраваныя ў рэзалюцыі, прынятай на заключным сходзе яго ўдзельнікаў. У прыватнасці, у выніковым дакуменце было падкрэслена імкненне і гатоўнасць моладзі Беларусі актыўна, на роўных і творча супрацоўнічаць са старэйшым пакаленнем і ўладай ў вырашэнні як сваіх праблем, так і задач, якія стаяць перад беларускім грамадствам. Моладзь Беларусі звярнулася таксама з заклікам да ўсіх грамадзян садзейнічаць сцвярджэнню прынцыпаў гуманізму і сацыяльнай справядлівасці, міру, культуры і прагрэсу.

Аляксандр БЕЛЬСКІ

 

Главная Новости Лента новостей Дэлегацыя МДУ імя А. А. Куляшова прымала ўдзел у Рэспубліканскім свяце