Цяжка, ды і немагчыма
ўявіць нас, беларусаў,
без Янкі Купалы…
Аляксей Пысін
Літаратурная вечарына «Без яго імені я Беларусь не ўяўляю…», прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння Паэта-прарока беларускай літаратуры Янкі Купалы, адбылася 25 мая 2022 у малой канцэртнай зале нашага ўніверсітэта.
У якасці арганізатара мерапрыемства выступіў прафесар кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый А. М. Макарэвіч. Асноўны склад удзельнікаў імпрэзы — гэта студэнты 4 курса, а таксама актыўныя яе чытальнікі — студэнты 2 і 3 курса гісторыка-філалагічнага факультэта спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура».
Падчас вечарыны гучалі такія вядомыя вершы Паэта, як «Сын і маці», «Явар і каліна», «Беларускім партызанам», «Мужык», «Разлад», «Паязджане», «Ворагам Беларушчыны», «Вечарынка», урыўкі з паэм «Яна і Я», «Адвечная песня», «Курган», «Сон на кургане» і інш. Гучалі Купалавы тэксты, пакладзеныя на музыку, у выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры», што надало імпрэзе адметную эстэтычную і эмацыйную атмасферу.
У ходзе мерапрыемства былі экрэслены не толькі асноўныя этапы жыцця Янкі Купалы, а і літаратурна-эстэтычныя высновы па яго творчасці. Напрыклад, «страла», якую выбудоўваюць удзельнікі на сцэне, абазначае сэнсавае скіраванне твораў Купалы да чытача.
Пра што б ні пісаў Янка Купала, яго слова заўсёды было звернута да народа, да тых, хто «церпіць без віны», але мае свой гонар, імкнецца да свабоды і святла. Словы, вобразы і боль яго паэзіі павінны рассейваць дрымучасць у свядомасці суайчыннікаў, накіроўваць яе — свядомасць — на шлях спасціжэння сэнсу, існасці чалавечага быцця і законаў сусветнага існавання.
Удзельнікі мерапрыемства не проста дэкламавалі вершы Янкі Купалы — яны пражывалі кожны радок, імкнуліся данесці той глыбокі сэнс, які мае ў сабе кожнае слова паэта. Дэкламаваў вершы, урыўкі з Купалавых паэм і сам арганізатар мерапрыемства — А. М. Макарэвіч.
Імпрэза ўвесь час суправаджалася дэманстрацыяй відэа- і фотафрагментаў. Гасцямі імпрэзы сталі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта. Для ўсіх прысутных Янка Купала адкрыўся па-новаму: не толькі як Паэт ХХ стагоддзя, а і як Мастак, творы якога не маюць часавай прасторы іх існавання, бо іх вобразная прастора і сэнсы надзённыя і ў наш час.
Купала ствараў «залатое стагоддзе» беларускай паэзіі, падымаў яе да сусветных вяршынь. Мы не павінны пра гэта забываць, бо важна берагчы тую спадчыну, якую пакінуў нам Паэт. Літаратурная вечарына яшчэ раз нагадала нам усім, якое значэнне мае асоба Янкі Купалы не толькі для беларускай літаратуры, а і ўвогуле для беларускай культурнай прасторы.
Яўгенія Нікіценка — студэнтка 4-га курса
спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура»
гісторыка філалагічнага факультэта.