4 студзеня 2022 г. раптоўна пайшоў з жыцця былы старшы выкладчык кафедры журналістыкі МДУ імя А. А. Куляшова Пётр Мікалаевіч Камкоў.
Пётр Мікалаевіч нарадзіўся 4 кастрычніка 1954 года ў вёсцы Княжыцы Магілёўскага раёна. Пасля заканчэння Княжыцкай сярэдняй школы праходзіў службу ў арміі. Потым працаваў загадчыкам Княжыцкага сельскага клуба. У 1975 годзе паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт на гісторыка-філалагічны факультэт. У 1976 годзе перавёўся ў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. А. Куляшова, які скончыў у 1979 годзе па спецыяльнасці «настаўнік беларускай мовы і літаратуры». З 1979 па 1990 год працаваў арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы з вучнямі ў Княжыцкай сярэдняй школе Магілёўскага раёна.
З 1990 года пачаў працаваць ва ўніверсітэце (былы МДПУ імя А. А. Куляшова) на кафедры беларускай літаратуры. Выкладаў гісторыю беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, методыку выкладання беларускай літаратуры. Доўгі час працаваў намеснікам дэкана па выхаваўчай рабоце філалагічнага факультэта. Пад яго кіраўніцтвам з вялікім поспехам праходзілі многія студэнцкія мерапрыемствы, на якіх часта Пётр Мікалаевіч асабіста выконваў песні пад гітару. П. М. Камкоў стаяў ля вытокаў стварэння кафедры журналістыкі. Роднаму ўніверсітэту Пётр Мікалаевіч аддаў 25 год свайго жыцця. Удзельнічаў у стварэнні кніг «Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Чавускага раёна» (2002), «Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хоцімскага раёна» (2003), аўтар каля дваццаці навукова-крытычных артыкулаў.
Таленавіты і жыццярадасны, Пётр Мікалаевіч аб’ядноўваў як калег, так і студэнтаў.
Чалавек шчырай і шчодрай душы, справядлівы і прынцыповы, адданы рупліўца на ніве нацыянальнага прыгожага пісьменства, — Пётр Мікалаевіч Камкоў назаўсёды застанецца ў памяці калег і студэнтаў, усіх, хто яго ведаў і любіў.
Развітанне з Пятром Мікалаевічам Камковым адбудзецца 6 студзеня з 10.00 да 13.00 гадзін па адрасу: Магілёўскі р-н, в. Княжыцы, вуліца Школьная, 1.