Больш за дзевяноста студэнтаў прысутнічалі на нарадзе з удзелам рэктара ўніверсітэта, прафесара Дзяніса Уладзіміравіча Дука. Таксама сярод прысутных былі прадстаўнікі рэктарата, кіраўнік вучэбна-метадычнага аддзела. Тэму сустрэчы акрэсліў рэктар. Звяртаючыся да моладзі, ён заўважыў: «Мы зацікаўленыя ў тым, каб нашы студэнты ўвесь час няўхільна рухаліся наперад, былі паспяховыя ў вучобе, навуцы, спорце. І дзеля гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы — вопытныя выкладчыкі, добрая матэрыяльная база. Самае ж галоўнае, сярод нашых студэнтаў шмат талентаў, якія ўжо сцвердзілі сябе, якія маюць бліскучыя вынікі, у тым ліку і па цэнтралізаваным тэсціраванні. Важна, каб студэнцкая энергія развіцця, ваша шчырае жаданне дасягаць новых вяршынь не знікалі пасля першай ці другой сесіі, каб не было расчаравання ў выбранай вамі спецыяльнасці. Дзеля гэтага я хачу даведацца пра тое, якія існуюць праблемы ў навучанні, якія пытанні ў студэнцкім жыцці яшчэ не вырашаныя?».
Адразу заўважым тое, што пэўных глабальных праблем, якія немагчыма было б вырашыць, у працэсе гутаркі выяўлена не было. Размова атрымалася шчырай, моладзь выказвала прапановы, дзялілася ўражаннямі ад універсітэцкага жыцця. «Што рабіць, калі ёсць жаданне наведваць курсы па англійскай мове, а ў гэты час у раскладзе — іншыя заняткі?» «Ці нельга на факультэце замежных моў зменшыць колькасць тэарэтычных заняткаў і павялічыць практычныя?». «Наколькі мэтазгодна пачынаць заняткі з 8 гадзін 15 хвілін?». «Ці можна зменшыць суб’ектыўны фактар з боку выкладчыкаў пры ацэньванні ведаў студэнтаў падчас экзаменаў і залікаў?».
На гэтыя і іншыя пытанні прысутныя атрымалі кампетэнтныя і вычарпальныя адказы. Дыялог кіраўніцтва ўніверсітэта і таленавітай моладзі засведчыў тое, што на якасць адукацыі студэнтаў ўплываюць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя фактары. Не сакрэт, што іншагароднія першакурснікі, якія застаюцца без апекі бацькоў, часам лянуюцца рана ўставаць, не заўжды аддаюць належнае падрыхтоўцы да заняткаў. Гэта якраз фактар суб’ектыўны, і выправіць сітуацыю могуць самі студэнты. А вось дапамагчы ім знайсці сваё месца ў навуцы, дзесьці матываваць, зацікавіць, арганізаваць навучальны працэс так, каб ён прыносіў максімальную карысць, — гэта ўжо справа выкладчыкаў, куратараў, а дзе-нідзе і адміністрацыі ўніверсітэта.
Рэктар паабяцаў праводзіць падобныя сустрэчы часцей. Гэта патрэбна ўсім — і кіраўніцтву, і самім студэнтам. «Шчыры дыялог дапамагае своечасова выявіць праблемы, якія перашкаджаюць нам быць паспяховымі», — падкрэсліў Дзяніс Уладзіміравіч Дук.