payday loans
 

Могилевский государственный университет
имени А.А. Кулешова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Беларуская версія
Главная Новости Лента новостей 6 лютага ва ўсім свеце адзначаецца 100-годдзе з Дня нараджэння выдатнага беларускага паэта Аркадзя Куляшова

6 лютага ва ўсім свеце адзначаецца 100-годдзе з Дня нараджэння выдатнага беларускага паэта Аркадзя Куляшова. Літаратар, крытык, публіцыст, кінасцэнарыст, грамадскі дзеяч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Аркадзь Аляксандравіч пакінуў багатую спадчыну. Яго вершы і паэмы перакладзеныя на 33 мовы.

Сёння пра літаратурны шлях Аркадзя Куляшова мы пагаворым з кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Яраславам Іванавічам Клімуцем.

— Яраслаў Іванавіч, наколькі значная для беларусаў постаць Аркадзя Куляшова?

— Аркадзь Куляшоў — паэт, якога можна паставіць побач з Купалам і Коласам. Па ўзроўню талента ён не саступае найлепшым пісьменнікам ХХ стагоддзя. Для беларусаў важна тое, што ў яго творах пазначаны праўдзівы летапіс тых некалькіх пакаленняў, якім давялося ўдзельнічаць у вайне, адбудоўваць зруйнаваныя гарады і вёскі, развіваць прамысловасць, сельскую гаспадарку, нацыянальную культуру і літаратуру. Тое, што наш універсітэт носіць імя такога чалавека, — безумоўна, вялікі гонар і адказнасць. Аркадзь Аляксандравіч пакінуў высокі прыклад сапраўднага беларуса, чалавека-грамадзяніна, адпавядаць якому, я лічу, хоць крыху, але павінен кожны выпускнік універсітэта, сённяшні выкладчык і студэнт.

— Большасць сучасных студэнтаў ведае Аркадзя Куляшова па такіх хрэстаматыйных творах, як «Ліст з палону», «Балада аб чатырох заложніках», «Сцяг брыгады»… З якім яшчэ творам, на вашу думку, варта пазнаёміцца маладым людзям?

— Маладым варта параіць прачытаць першыя вершы паэта — хаця б дзеля таго, каб пераканацца ў тым, што і 80 гадоў назад юнакі і дзяўчаты мелі тыя ж самыя маранні і жаданні. Мроілі пра каханне, падарожжы, чакалі ад жыцця шчасця. Куляшоў дэбютаваў як паэт у 12-гадовым узросце. Адбылося гэта на старонках Клімавіцкай акруговай газеты «Наш працаўнік». 30 верасня 1926 г. пад псеўданімам Аркадзь Дуда быў апублікаваны яго першы верш пад назвай «Ты мой брат». Зазначу аптымістычны настрой ранняй паэзіі Куляшова. І разам з тым, у яго вершах выразна адчуваўся патрыятызм. Вельмі важна, на мой погляд, тое, што асабістае шчасце Аркадзь Куляшоў звязваў са шчасцем Радзімы. Мне ўяўляецца такі падыход актуальным і сёння. Мне асабіста імпануе яго замілаванне малой радзімай. Любасць да роднай хаты, вёскі, краявідаў ён захоўваў праз усё жыццё. Працытуем пачатак вядомага верша Аркадзя Куляшова:

Плыла, цалавалася хмара з зямлёй,
Аж жнеі сярпы пакідалі,
Бо ўгледзелі ўжо, як збягаюць па ёй
Маланкі
На жытнія далі.

— Выдатныя радкі… Ці можна неяк акрэсліць творчае крэда Аркадзя Куляшова? Ці будзе яно сугучным ХХІ стагоддзю?

— Жыць дзеля шчасця і міру! Напэўна так… Аркадзь Куляшоў заўжды быў, так бы мовіць, на «перадавой», заўжды імкнуўся загадзя заўважыць небяспеку, якая пагражае і беларусу, і чалавецтву наогул. У паэме «Цунамі» ён пакінуў галоўны свой запавет, звернуты да нашчадкаў: няма нічога больш каштоўнага, чым чалавечае жыццё. Сёння трэба зрабіць усё, каб спыніліся войны, экалагічныя катастрофы. Нарэшце, трэба знішчыць усю тую зброю, якая можа ў адно імгненне спыніць існаванне нашай цывілізацыі.

— Што б вы хацелі пажадаць студэнтам і выкладчыкам МДУ імя Аркадзя Аляксандравіча Куляшова ў сувязі са 100-годдзем паэта?

— Найперш, таго, каб выдатныя вершы і паэмы не пыліліся ў бібліятэцы без справы. Куляшоў варты таго, каб цытаваць яго на памяць, перачытваць, асэнсоўваць. Выкладчыкам і студэнтам універсітэта жадаю быць патрабавальнымі да сябе, заўжды імкнуцца да самаўдасканалення. Менавіта гэтая рыса найбольш адрознівала Аркадзя Куляшова ад іншых творцаў.

— Дзякую за размову.

П. Левановіч


Шаноўныя сябры, прапануем некалькі вершаў Аркадзя Аляксандравіча Куляшова. Чытайце і слухайце з задавальненнем!

Аркадзь Куляшоў, «Спакойнага шчасця не зычу нікому…»

Спакойнага шчасця
не зычу нікому:
Навошта грымотам
маланка без грому,
Навошта ручай
без пякучае смагі,
Халодная ўвага,
не вартая ўвагі,
Жаданні, што прагныя
крылы згарнулі,
Зязюля без лесу
і лес без зязюлі?

Аркадзь Куляшоў, «Я хаце абавязаны прапіскаю…»

Я хаце абавязаны прапіскаю —
Калыскаю, падвешанай пад столь.
Я маці абавязан кожнай рыскаю,
Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю —
Усім, чым працы абавязан стол.
Я — матчын спеў, я — матчыны трывогі,
Я — матчын гнеў, які ўставаў на ногі,
Гнаў смерць на Захад — у нару з нары —
Трацілаваю пугай перамогі.
Дыміліся сямі франтоў дарюгі
За мной, як дынамітныя шнуры.
Пазбавіўшы ад грознага відовішча
Свет, не дазволю я, каб дым і пыл
Зямлю ператварыў у бамбасховішча,
Мільярд прапісак — у маўклівы прысак,
Мільярд калысак — у мільярд магіл,

Аркадзь Куляшоў, «Чужой любві я не зайздрошчу…»

Чужой любві я не зайздрошчу,
Тут са сваёю нелады:
Я ў сэрцы ёй даю жылплошчу,
Ды ў ім утульна не заўжды.

Няўжо мой дар не пажаданы
І не прызнаны, сапраўды?
Тады бывай, бывай тады!
Любоў — не райскія сады,
Любоў — не дом падараваны,
Любоў — бяздомнік, прапісаны
У верным сэрцы назаўжды.


 

Главная Новости Лента новостей 6 лютага ва ўсім свеце адзначаецца 100-годдзе з Дня нараджэння выдатнага беларускага паэта Аркадзя Куляшова