Чарговае пасяджэнне ўніверсітэцкага Літаратурнага салона адбылося на гэтым тыдні. Прысутныя абмяркоўвалі творчасць лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч. У прыватнасці, студэнты і выкладчыкі паспрабавалі ацаніць дакументальную аповесць «Чарнобыльская малітва». Цікава, што інтарэс да гэтай кнігі выклікаў серыял «Чарнобыль», створаны амерыканскім каналам HBO. Нагадаем, што па папулярнасці стужка перасягнула нават славутыя «Гульні пасадаў» і выклікала сапраўдны шок у гледачоў.
«Знята настолькі натуралістычна, што пры праглядзе мімаволі ўціскаешся ў крэсла — настолькі страшна за лёс герояў і за лёс усяго свету», — дзеляцца сваімі ўражаннямі госці салона. Многіх здзівіў той факт, што рэжысёра і сцэнарыста знакамітага экшна натхніла менавіта аповесць Святланы Алексіевіч. Больш таго, «Чарнобыльская малітва» зрабілася факталагічным падмуркам для серыяла. Адсюль і цікавасць студэнцкай моладзі да творчасці беларускай пісьменніцы.
«Канешне, крыху здзіўляе тое, што маладыя людзі прыходзяць да Алексіевіч праз амерыканскі серыял, але напэўна такі зараз час… Студэнты літаральна жывуць у інтэрнэце, часцей заходзяць на паблікі сацыяльных сетак, чым у бібліятэкі. На мой погляд, трэба выкарыстоўваць любы спосаб прыцягнуць іх увагу да мастацкага слова, да нечага сапраўднага, вечнага. У дадзеным выпадку такім спосабам з’яўляецца прагляд серыялу», — тлумачыць кандыдат філалагічных навук Марына Чмарава.
Што ж найбольш уразіла студэнтаў у аповесці «Чарнобыльская малітва»? Напэўна, абвостранае адчуванне чалавечага болю, трагедыі радавых людзей, якія самі таго не жадаючы апынуліся ў эпіцэнтры тэхнагеннай катастрофы. «Стыль Алексіевіч — дакументальны. Адчуваецца тое, што ў мінулым яна працавала журналістам. Але найбольш уражвае тое, што персанажы яе твора — не вынік фантазіі аўтара, а рэальныя жывыя людзі», — кажа адзін са студэнтаў. «Параўноўваць серыял і аповесць не зусім карэктна. Усё ж візуалізацыя гісторыі катастрофы робіць яе больш зразумелай, даступнай для шэрагоўца. Аповесць патрабуе засяроджанасці, часу, інтэлектуальных і маральных высілкаў. Чытач успрымае тэкст і сам стварае вобразны рад, а не атрымлівае ўжо гатовую карцінку. У гэтым сэнсе, чытанне куды больш карыснае для інтэлекту, для духоўнага сталення», — выказала меркаванне Марына Чмарава.