payday loans
 

Могилевский государственный университет
имени А.А. Кулешова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Беларуская версія
Главная Новости Лента новостей Напярэдадні Новага года ўніверсітэт наведаў пісьменнік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, мецэнат Валерый Казакоў

Напярэдадні Новага года ўніверсітэт наведаў пісьменнік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, мецэнат Валерый Казакоў. Студэнты і выкладчыкі сустрэлі яго кветкамі і пытаннямі — гутарка са славутым земляком доўжылася без малога дзве гадзіны. Творчая сустрэча пераўтварылася ў жывы і надзвычай змястоўны дыялог, які перапыняўся вершамі і спевамі. “Кнігі гэтага беларускага і расійскага пісьменніка прымушаюць глядзець на свет з аптымізмам”, — так прэзентаваў творчасць Валерыя Мікалаевіча яго сябра, прафесар Ігар Аляксандравіч Марзалюк.

Валерый Казакоў вядомы магілёўцам і як пісьменнік, і як мецэнат. Менавіта ён дапамог Музею гісторыі (Ратуша) набыць адзіны ў Беларусі кірылічны Статут 1588 г. На гэтым моманце акцэнтаваў увагу прысутны на сустрэчы дырэктар музея Аляксей Бацюкоў. “Гэты друкаваны скарб апынуўся ў Магілёве толькі дзякуючы фінансавай і маральнай падтрымцы Валерыя Мікалаевіча”, — заўважыў ён. “Я нічога не зрабіў гераічнага ці вартага падзякі, — адказаў на гэта пісьменнік. — Лічу вялікім гонарам і абавязкам дапамагаць роднаму гораду, бо кожны беларус мусіць памятаць пра свае карані, пра сваю Бацькаўшчыну”.

“Магілёў я кахаю, як жанчыну, — працягнуў сваё выступленне Валерый Казакоў. — Сюды я прыязджаю, каб падыхаць водарам Айчыны, паразмаўляць з сябрамі і аднадумцамі”. Госць універсітэта з вялікім задавальненнем згадаў сваю школу, свае першыя паэтычныя спробы ў магілёўскім палацы піянераў. Дарэчы, на сустрэчу завітала настаўніца Валерыя Мікалаевіча, якая распавяла шмат цікавага і павучальнага. “Ён быў настойлівы і таленавіты”, — так ахарактарызавала яна свайго вучня. “З Магілёва я пайшоў у свет. З Магілёвам і з Беларуссю я заручыўся да скону жыцця”, — не стамляўся падкрэсліваць пісьменнік.

Студэнты слухалі словы Валерыя Казакова з незвычайнай для іх уважлівасцю. Асаблівыя эмоцыі выклікалі “абібокі” — паэтычныя максімы, якія трапна характарызавалі палітычную і духоўную сітуацыю ў свеце. Свае “абібокі” Валерый Казакоў чытаў ледзь чутна, аднак кожнае слоўца трапляла да слухача — такая цішыня была ўсталявана ў лекцыйнай зале. А пасля “абібокаў” і вершаў на госця пасыпаліся пытанні: “Каго з сучасных аўтараў вы лічыце найбольш таленавітым?” “Што такое талент?” “Ці ёсць будучыня ў літаратуры?”

На ўсе пытанні Валерый Казакоў адказваў падрабязна і з уласцівым яму пачуццём гумару. “Літаратура будзе заўжды — пакуль існуе чалавецтва”. “А талент — гэта праца з дня ў дзень, без святаў і перапынкаў”. “Беларусь багатая на паэтаў. Шмат сярод іх таленавітых, вельмі перспектыўных і ўжо вядомых аўтараў. Многія з іх перакладаюцца на еўрапейскія мовы. Аднак пісаць яны павінны па-беларуску, бо беларускакя мова — гэта мова, якую падараваў нам Бог”. Гэтыя і іншыя адказы можна ўжываць як афарызмы. Напэўна, так яно і будзе… Студэнты рупліва запісвалі словы госця.

Завершылася сустрэча падарункамі… Валерый Казакоў атрымаў музычнае віншаванне з 60-годдзем, а ўніверсітэт — кнігі пісьменніка. Сярод іх і празаічны зборнік, выдадзены ў серыі “Беларускі кнігазбор”. На развітанне пісьменнік паабяцаў сваю наступную кнігу прысвяціць Магілёву, а прэзентаваць яе ва ўніверсітэце імя Аркадзя Куляшова.

 

Главная Новости Лента новостей Напярэдадні Новага года ўніверсітэт наведаў пісьменнік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, мецэнат Валерый Казакоў