payday loans
 

Могилевский государственный университет
имени А.А. Кулешова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Беларуская версія
Главная Новости Лента новостей 20 верасня МДУ імя А.А. Куляшова наведаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Паўлавіч Латушка

20 верасня МДУ імя А.А. Куляшова наведаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Паўлавіч Латушка. У ходзе свайго візіту ён выступіў перад студэнтамі і выкладчыкамі ВНУ, распавёў пра сучасны стан і перспектывы развіцця культуры ў нашай краіне. Таксама адказаў на шэраг пытанняў, якія датычыліся аховы культурнай і гістарычнай спадчыны, захавання лепшых традыцый беларускага тэатральнага мастацтва і кіно.

Сваё выступленне Павел Латушка пачаў з таго, што павіншаваў магілёўскі ўніверсітэт з надыходзячым юбілеем. “100-годдзе — важная дата не толькі ў жыцці канкрэтнай навучальнай установы, але і сведчанне сталасці, высокага ўзроўню ўсёй беларускай навукі і адукацыі”, — падкрэсліў ён. Міністр аддаў належнае Магілёву ў справе захавання духоўнага набытку беларускага народа. Перадусім ён адзначыў старажытныя культурныя традыцыі, якія існуюць у абласным цэнтры. “Мы не павінны забывацца на нашыя карані, на дасягненні нашых продкаў, бо праз гісторыю і культуру мы ў чарговы раз сцвярджаем тое, што маем права звацца нацыяй”, — зазначыў Павел Латушка.

Шмат разоў словы міністра культуры аўдыторыя сустракала апладысментамі. Сапраўды, важнасць захавання і шанавання нацыянальнай гістарычнай і мастацкай спадчыны — гэта тыя праблемы, якія заўжды хвалявалі і хвалююць сёння навукоўцаў, а таксама студэнтаў МДУ імя А.А. Куляшова. З вялікай увагай слухалі магілёўцы і тую частку выступлення, у якой Павел Паўлавіч Латушка акрэсліў асноўныя прыярытэты культурнага развіцця краіны. “Нам жыццёва важна выхаваць нацыянальную свядомасць беларусаў, — заўважыў міністр, — а яна грунтуецца толькі на глыбінных ведах аб сваёй уласнай гісторыі і культуры. Ці не павінны мы ганарыцца такімі выключнымі постацямі, як Францыск Скарына, Еўфрасіння Полацкая, Васіль Быкаў, Янка Купала? Без іх нельга ўявіць сабе не толькі нашу айчынную культуру, але і культуру ўсяго свету!”.

На думку госця ўніверсітэта, разуменне значнасці таго ўкладу, які зрабілі беларусы ў сусветную культурную скарбонку, — гэта надзвычай важная ўмова функцыянавання незалежнай Рэспублікі Беларусь. “Калі мы не будзем мець трывалай повязі з мінуўшчынай, не будзем усведамляць сваё месца ў сучаснай чалавечай цывілізацыі, нам наўрад ці можна будзе казаць аб перспектывах развіцця моцнай і квітнеючай Беларусі, — яшчэ раз падкрэсліў выступоўца.

Наступны прыярытэт, пра які ішла гаворка, — развіццё рэгіянальнай культуры. Павел Латушка заўважыў, што большасць знакамітых людзей Беларусі пачыналі свой творчы шлях не з прыступак Нацыянальнага тэатра імя Я. Купалы ў Мінску, а са звычайных дамоў культуры ў райцэнтрах і вёсках. З гэтага вынікае надзвычайная важнасць развіцця ўстаноў культуры рэгіёнаў. “Дзяржава цалкам разумее гэта! І ўрад, і Прэзідэнт робяць усё дзеля таго, каб вясковец здолеў рэалізаваць сябе ў мастацтве, усебакова развіць свой талент”.

Сярод прыярытэтаў, якія вызначыла дзяржава, Павел Латушка назваў адукацыю і развіццё прафесійнага мастацтва. Міністр з гонарам паведаміў пра трыўмфальнае выступленне трупы Купалаўскага тэатра ў Лондане. “І гэта не адзінкавы прыклад, — заўважыў ён. — Беларусы ўдзельнічалі ў Канскім кінафестывалі, годна праявілі сябе ў Венецыі, на своеасаблівых “Алімпійскіх гульнях сучаснага мастацтва”. Што да культуры сённяшняй або, як зараз прынята казаць, запатрабаванай у моладзі, то і яна не застанецца па-за ўвагай дзяржавы. У Мінску ўжо з’явіўся Цэнтр сучаснага мастацтва. Ёсць і першыя станоўчыя вынікі яго дзейнасці. Не абмінуў Павел Латушка і тэму мецэнатства. Па яго словах, сярод сучасных беларусаў ёсць шмат неабыякавых да культуры людзей. Яны не толькі фінансуюць пэўныя праекты, але і дапамагаюць вяртаць на Радзіму страчаныя некалі артэфакты. Апошні прыклад — вяртанне ў Музей гісторыі Магілёва Трэцяга Статуту 1588 г. “Я вельмі ўдзячны тым шчодрым і адначасова шчырым людзям, якія дапамаглі набыць адзінае ў Рэспубліцы выданне Статуту”, — выказаўся выступоўца.

Далейшую частку мерапрыемства варта лічыць нефармальнай. Студэнты літаральна засыпалі ганаровага госця пытаннямі. Цікавіліся, ці будзе ўсталяваны помнік Аркадзю Куляшову, ці хутка адбудзецца рэстаўрацыя Віленскай вуліцы ў Магілёве; былі таксама пытанні, якія датычыліся дыпламатычнай дзейнасці Паўла Паўлавіча. Будучыя журналісты цікавіліся меркаваннем міністра культуры адносна перспектыў захавання “жывой” беларускай мовы. “Я — стрыманы аптыміст, — адказваючы на пытанне, заўважыў Павел Латушка. — Перакананы ў тым, што існаванне дзяржавы немагчымае без існавання нацыянальнай культуры. Культура ж не можа існаваць без мовы! Калі мы кажам пра дзяржаўнасць, мы павінны, перадусім, сачыць за захаваннем і развіццём беларускай мовы”.

В. Еўмянькоў

 

Главная Новости Лента новостей 20 верасня МДУ імя А.А. Куляшова наведаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Паўлавіч Латушка