Выйшаў з друку зборнік матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Куляшоўскія чытанні». Пад адной вокладкай аб’яднаныя 87 артыкулаў, якія асвятляюць актуальныя праблемы літаратуразнаўства, лінгвістыкі, журналістыкі, гістарыяграфіі і методыкі выкладання гуманітарных дысцыплін. Адкрываюць зборнік паведамленні тых навукоўцаў, якія выступалі на пленарным пасяджэнні. Адзначым выступленне былога дэкана філфака, сябра Саюза пісьменнікаў, дацэнта Яраслава Іванавіча Клімуця. Ён распавёў пра паэзію Аркадзя Аляксандравіча Куляшова, з якім быў асабіста знаёмы.
Літаратуразнаўцы абмеркавала праблемы кампаратывістыкі, гісторыі прыгожага пісьменства Усходняй Еўропы. Асобна даследчыкі прааналізавалі творчы набытак сучасных беларускіх і расійскіх аўтараў. Лінгвісты спыніліся на стылёвых, жанравых асаблівасцях прозы ХХ стагоддзя, а таксама на сучасных праблемах мовазнаўства і шляхах іх вырашэння. У прыватнасці, гутарка вялася пра беларуска-расійскае моўнае памежжа на тэрыторыі Смаленшчыны і Магілёўшчыны. Навукоўцы выявілі выпадкі ўзаемнага ўплыву дзвюх славянскіх моў.
Журналісты абмеркавалі праблемы канвергенцыі СМІ, «выжывання» друкаваных СМІ ва ўмовах канкурэнцыі з Інтэрнэт-рэсурсамі. Параўнальна шмат дакладаў агучылі гісторыкі, закрануўшы праблемы пераацэнкі некаторых фактаў з беларускай і расійскай мінуўшчыны. У межах канферэнцыі была арганізавана работа круглага стала. Навукоўцы з нашага ўніверсітэта і БДУ абмеркавалі пытанні, звязаныя з рускамоўнай творчасцю беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.