payday loans
 

Могилевский государственный университет
имени А.А. Кулешова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Беларуская версія
Главная Новости Лента новостей Лепшай кнігай Украіны прызнаны сумесны ўкраінска-літоўска-беларускі гістарычны праект пад назваю (на ўкр. мове) “Грюнвальдська битва — битва народів”

Лепшай кнігай Украіны прызнаны сумесны ўкраінска-літоўска-беларускі гістарычны праект пад назваю (на ўкр. мове) “Грюнвальдська битва — битва народів”. Гэты цудоўны фаліянт, прысвечаны 600-годдзю перамогі над крыжакамі, быў прэзентаваны на XVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе і выклікаў сапраўднае захапленне. З беларускім аўтарам навуковага даследавання — загадчыкам кафедры археалогіі і спецыяльных дысцыплін МДУ імя А.А. Куляшова прафесарам Ігарам Марзалюком — размаўляў карэспандэнт сайта.

— Ігар Аляксандравіч, ці можна лічыць гэту кнігу сапраўды супольным літоўска-ўкраінска-беларускім праектам?
— Гэта кніга — ініцыятыва літоўскага і ўкраінскага боку. Замоўлена яна ўкраінскай дзяржавай у межах праграмы “Украінская кніга”. Асноўным рухавіком праекту з’яўляецца выдатны літоўскі навуковец, былы дэкан гістфака Віленскага ўніверсітэта, мой добры сябар прафесар Альфрэдас Бумблаўскас. Другі аўтар кнігі — украінец Барыс Чаркас, трэці — я, Ігар Марзалюк. Трэба таксама дадаць тое, што надзвычай дапамог у рэалізацыі гэтага навуковага праекту галоўны рэдактар выдавецтва “Балтыя-Друк” Вергініюс Стролі. Ён — вучань спадара Бумблаўскаса, літовец, які жыве і працуе ў Кіеве. Пакуль што гэтае выданне выйшла на ўкраінскай і літоўскай мовах.

— Гартаючы кнігу, мімаволі звяртаеш увагу на добрую паліграфію, а таксама на вялікую колькасць ілюстратыўнага матэрыялу. Тут і замкі, і касцёлы; і прускія, і польскія, і беларускія. Адкуль такое багацце?
— Так, паліграфія сапраўды выдатная. Што да ілюстрацый, то ў кнізе змешчаны фотаальбом, у якім — замкі і касцёлы былога Вялікага княства. Ёсць унікальныя мапы. Шырока скарыстаны беларускі ілюстратыўны матэрыял. Хачу выказаць словы ўдзячнасці галоўнаму спецыялісту па музеях Міністэрства культуры Беларусі Святлане Гаўрылавай. Дзякуючы яе бескарыслівай дапамозе, мы атрымалі магчымасць адфатаграфаваць усе разынкі музейных калекцый нашай краіны, пачынаючы ад Мсціслаўскага музея і завяршаючы Гарадзенскім гісторыка-культурным запаведнікам.

— Чаму ў вашым калектыве не з’явіліся польскія гісторыкі? Здаецца, гэта было б лагічна, бо Грунвальд - супольная перамога 4-х народаў.
— На жаль польскім гісторыкам не ставала часу для напісання артыкулаў. Таму атрымаўся праект, які ўключаў у сябе артыкулы выключна нашчадкаў Вялікага Княства Літоўскага. Хачу заўважыць, што ў кнізе адлюстраваныя і этнацэнтрычныя погляды на Грунвальд, і нацыянальныя міфы, звязаныя з 1410 г. Аднак збольшага мы імкнуліся прытрымлівацца прынцыпу навуковасці, абапіраючыся толькі на дакументы. Так, у кнізе падаецца спроба рэкансрукцыі Грунвальдскай бітвы на падставе адпаведных пісьмовых крыніц. Паказана таксама тое, якое месца гэта падзея займае ў гістарычнай памяці трох народаў.

— Наколькі актуальная тэма Грунвальда для сучасных гісторыкаў Украіны, Літвы, Беларусі?
— На мой погляд, надзвычай актуальная. Мы выдатна ведаем пра тое, наколькі разбудавана канцэптуалістыка Грунвальдскай бітвы ў польскай гістарыяграфіі. Для палякаў Грунвальд — гэта бітва Дабра са Злом. Падзея трывала ўвайшла нават у польскі фальклор — існуюць легенды, балады, звязаныя з перамогай над Ордэнам. Гісторыкі Каралеўства пачалі звяртацца да гэтай тэмы дужа рана — недзе ў 15-16 стст. У 19 ст. Грунвальд паднялі на шчыт пісьменнікі і паэты. Узяць хаця б таго ж Г. Сенкевіча з яго “Крыжакамі”. У гэтым рамане надзвычай яскрава адбілася сярэднявечная традыцыя адлюстравання Грунвальду як перадусім польскай перамогі.
Прыблізна тое ж можна сказаць пра ўспрыняцце гэтай падзеі літоўцамі. Больш таго, зараз пануе думка, што без Грунвальда мапа Прыбалтыкі была б іншай. Якой — гэта чарговае пытанне, але — іншай. Больш таго, этнічная Літва наўрад ці без перамогі ў 1410 г. захавалася б. І гэтыя думкі таксама выкладзены ў кнізе. Што да беларусаў, то Грунвальд — гэта і наша бітва, у якой нашы продкі бралі годны ўдзел. Дастаткова сказаць, што ўсё русінскае баярства змагалася на полі пад Дуброўнай. Іншая справа, што мы крыху спазніліся з асэнсаваннем Грунвальда ў кантэксце ўласнай нацыянальнай гісторыі. Але для гэтага былі свае прычыны...

— Ці згодны вы з тым меркаваннем, што беларускай традыцыі Грунвальда не існуе? Я маю на ўвазе тое, што Грунвальд амаль не адбіўся ў летапісах, у навуковых крыніцах таго ж 19 стагоддзя?
— Беларускія летапісы сапраўды адрэагавалі на гэту падзею досыць сціпла. Уяўленні пра Грунвальд як пра важнейшую падзею ў гісторыі Беларусі пачалі ўзнікаць толькі ў сярэдзіне ХІХ ст. Міхайла Каяловіч першым акцэнтаваў увагу на ролі беларускіх палкоў у бітве. Потым быў Зміцер Даўгяла. Ён выдаў у 1910 г. брашуру, на старонках якой паспрабаваў падлічыць, колькі ж нашых ваяроў брала ўдзел у бітве. Аднак гэта былі толькі эпізадычныя выступленні.

У нацыянальнай свядомасці беларусаў Грунвальд пачаў займаць месца толькі ў другой палове 20 ст. Перед гэтым быў перыяд, калі не прынята было гучна казаць пра беларускую вайсковую веліч. Грунвальд у пэўным сэнсе рэабілітаваў У.Караткевіч. Канешне, будучы літаратарам, ён папулярызаваў, а не даследаваў гэту тэму. Аднак Уладзіміру Сямёнавічу можна прабачыць яго ўяўленні пра літвінаў у звярыных шапках на Грунвальдзе.

— Ян Длугаш таксама пра гэта піша... Ды і на вядомай карціне Матэйкі нашыя продкі падобныя да дзікуноў з вострава Пасхі.
— Не вядаю, як наконт вострава Пасхі, але нашы продкі ўзброены былі не горш за немцаў. Вобраз напаўдзікіх жмудзінаў, якіх нібыта прывёў Вітаўт — устойлівы міф. Магу сказаць нават, што крыжакі ашалелі, убачыўшы нашыя конныя харугвы. Раю прачытаць даследаванні Юрыя Бохана. Навуковец пераканаўча даводзіць тое, што войска Вітаўта было ўзброена па апошняму слову тагачаснай навукі і тэхнікі.

— У беларускіх летапісах Грунвальд толькі згадваецца. Няма ў нас ні фальклорнай, ні сярэднявечнай літаратурнай традыцыі, звязанай з гэтай падзеяй. Магчыма, нашыя продкі не надавалі дадзенай тэме вялікага значэння?
— Для праваслаўных летапісцаў 15 ст. Грунвальд сапраўды — нязначная падзея. Рэч у тым, што самы папулярны князь на ўсходнеславянскіх землях — Свідрыгайла. А ён абапіраўся на дапамогу Ордэна. На нашых землях, у адрозненне ад польскіх і літоўскіх, так абвострана “немяцкая праблема” не стаяла. Крыжакі ў вачах беларускіх храністаў не былі пякельнымі вырадкамі. Нямеччына ўспрымалася як краіна, з якой вядзецца гандаль. У Ордэна прасілі дапамогі, калі спрабавалі вылушчыцца з ВКЛ.
Не будзем забывацца таксама на тое, што Андрэй Альгердавіч, пакрыўджаны Ягайлам, імкнуўся стварыць Вялікае Княства Полацкае, абапіраючыся на клінкі Ордэна. Ён і прызнаў сябе васалам Ордэна. Для летапісцаў больш актуальна было тое, што робіцца ў Ардзе. Спісаў Кулікоўскай бітвы, у тым ліку беларускіх, значна больш.

— Напэўна, варта яшчэ тут дадаць тое, што праваслаўныя нічога па выніках Грунвальда не атрымалі...
— Так, мясцовыя эліты былі моцна пакрыўджаныя. Дыскрымінацыйны Гарадзенскі прывілей Літве даў усё, а Русі — нічога. ВКЛ увайшло ў арбіту еўрапейскіх народаў і было легітамізавана менавіта як каталіцкая дзяржава. Праваслаўныя адчувалі сябе падманутымі. Таму Грунвальдская бітва была для іх хутчэй паразаю, чым перамогаю.
Стаўленне да Грунвальда пачынае зяняцца толькі ў 16 ст. У гэты час завершылася “прыцірка эліт”. Нобілі каталіцкія мусілі падзяліцца ўладаю. Калі пачынае фарміравацца адзіны палітычны народ, а русінская эліта атрымоўвае большасць прывілеяў, тады і змяняюцца ацэнкі Грунвальда. Праваслаўныя кніжнікі пішуць ужо, што “ляхі нават шаблі не дасталі”, маўляў, мы ўсіх перамаглі. Палітка надзвычай моцна ўплывала на ацэнкі гэтай гістарычнай падзеі.

— Вялікі Дзякуй за размову. Да пабачэння.
— Усяго добрага.

 

Главная Новости Лента новостей Лепшай кнігай Украіны прызнаны сумесны ўкраінска-літоўска-беларускі гістарычны праект пад назваю (на ўкр. мове) “Грюнвальдська битва — битва народів”