payday loans
 

Могилевский государственный университет
имени А.А. Кулешова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Беларуская версія
Главная Юбилеи Вучоны, паэт, настаўнік, або доктар, які словам гоіць душу

Вучоны, паэт, настаўнік, або доктар, які словам гоіць душу

4 студзеня 2012 года споўнілася 60 год вядомаму беларускаму мовазнаўцу і выдатнаму майстру слова - члену-карэспандэнту Беларускай акадэміі адукацыі доктару філалагічных навук прафесару Васілю Іванавічу Рагаўцову.

Нарадзіўся Васіль Іванавіч у мястэчку Стрэшын Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Краявіды тут маляўнічыя, непаўторныя. Відаць, цудоўная прырода і вызначыла далейшы лёс дапытлівага і цікаўнага юнака. Яго захапіла паэзія. Зборнікі вершаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Куляшова, М. Танка, П. Панчанкі сталі настольнымі кнігамі вучня местачковай сярэдняй школы. Ды і сам юнак пачаў запісваць на паперу тое, што гучала ў яго душы, - паэтычнае слова. Вершы друкаваліся ў жлобінскай раённай газеце “Камуніст” і рэспубліканскім часопісе для падлеткаў “Бярозка”.

Пасля заканчэння сярэдняй школы юнак доўга не раздумваў, дзе прадоўжыць навучанне, - толькі на філфаку. Студэнцкія гады ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным інстытуце праляцелі імгненна. Дыпламаванага спецыяліста накіравалі ў Коўчыцкую сярэднюю школу Светлагорскага раёна выкладаць беларускую мову і літаратуру. Працаваў з задавальненнем. У пазаўрочны час вёў літаратурны гурток. Вучні з вялікай ахвотай займаліся ў ім: тут гучала паэтычнае Слова. Найперш роднае - беларускае. Працуючы ў школе, Васіль Іванавіч вырашыў заняцца навукай. У 1975 годзе ён паступіў у  аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі. Працаваў над кандыдацкай  дысертацыяй рупліва, старанна.  Ды інакш і быць не магло: ці мог аспірант падвесці свайго навуковага кіраўніка - акадэміка АН БССР доктара філалагічных навук прафесара Мікалая Васільевіча Бірылу!

У 1978 годзе пасля заканчэння аспірантуры і практычна з гатовай да абароны дысертацыяй В.І. Рагаўцоў быў накіраваны на кафедру беларускай мовы Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.А. уляшова. І ў гэтай навучальнай установе ўсё складвалася паспяхова: у 1979 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1983 - узначаліў кафедру беларускай мовы.

Абсяг навуковых інтарэсаў В.І. Рагаўцова надзвычай разнастайны. Яго цікавіць і беларуская дыялекталогія, і методыка выкладання беларускай мовы, і лінгвістыка тэксту, і сінтаксіс, і лексікаграфія... З-пад пяра вучонага выходзіць у свет шэраг кніг, лексікаграфічных прац, артыкулаў, змешчаных у энцыклапедычных выданнях, айчынных і замежных навуковых часопісах і зборніках.

В. Рагаўцоў у сааўтарстве з А. Юрэвічам падрыхтаваў першы беларускамоўны дапаможнік па тэарэтычнай лінгвістыцы “Уводзіны ў мовазнаўства” (Мінск, 1987). Ён - аўтар манаграфіі “Маўленчае выражэнне камічнага ў беларускай драматургіі” (Магілёў, 2002), шэрагу вучэбных дапаможнікаў (з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь): “Практыкум па ўводзінах у мовазнаўства” (Мінск, 1989), “Уводзіны ў мовазнаўства: заданні для самастойнай работы студэнтаў” (Мінск, 1992), “Практыкум па гісторыі агульнага мовазнаўства” (Мінск, 2001), “Сінтаксіс беларускай і рускай моў: дыскусійныя пытанні”, (Мінск, 2001), “Гісторыя мовазнаўства” (Магілёў, 2005), “Агульнае мовазнаўства” (Магілёў, 2006) і іншых, лексікаграфічных даведнікаў: “Мовы свету” (Магілёў, 2009), “Слоўнік пра камічнае: мовазнаўчы аспект” (Магілёў, 2010) і інш.

Вынікам плённай працы таленавітага вучонага стала абарона доктарскай дысертацыі ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003 г.) па тэме маўленчага выражэння камічнага ў беларускай драматургіі.

В. Рагаўцоў вядомы ў краіне не толькі як вучоны, але і як паэт. Ён - аўтар пяці паэтычных зборнікаў, якія выйшлі ў розных сталічных выдавецтвах: “Сутонне” (1995), “Долягляд” (1998), “Адмыслоўцы” (2007), “На роскрыжы дарог” (2008), “Імгненне і Вечнасць” (2010). Вершы Васіля Рагаўцова вызначаюцца філасафічнай напоўненасцю думкі, лірызмам, вобразнасцю. Тэматыка іх разнастайная: родная прырода, лёс роднай мовы, каханне, сяброўства і вернасць, сэнс чалавечага жыцця... Паэт не замыкаецца ў сабе,  а таму яму балюча і цяжка “і поле перайсці, парослае хвашчом... і луг, някошаны які ўжо год...” Мастацкія творы В. Рагаўцова настройваюць чытача-сучасніка рабіць людзям дабро, прыносіць ім задавальненне, асалоду, паколькі ў нашым хуткаплынным жыцці “адно нязменнае: ты - часовы”.

... Прафесар В. Рагаўцоў сустракае свой юбілей у росквіце сіл. У яго багата планаў і задум. У яго ёсць аднадумцы і паслядоўнікі. У яго ёсць вучні. А хіба ж гэта не чалавечае шчасце?

А.С. Лаўшук, дэкан педагагічнага факультэта.

 

Главная Юбилеи Вучоны, паэт, настаўнік, або доктар, які словам гоіць душу