payday loans
 

Могилевский государственный университет
имени А.А. Кулешова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Беларуская версія
Главная Юбілей пісьменніка Сталая маладосць

Сталая маладосць

Да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча

Максім Багдановіч – паэт, празаік, крытык, публіцыст, перакладчык, гісторык літаратуры – сярод паэтаў свайго часу вылучаецца глыбокай і шырокай адукацыяй, тонкім разуменнем і адчуваннем паэзіі і самога жыцця, нягледзячы на “маладыя гады, маладыя жаданні”. Мяккі, спагадлівы, вясёлы па характары, па-жаноцку ўражлівы і эмацыянальны, паэт пераўзыходзіць усіх па паўнаце і сіле ўвабражэння, па выключнай пластычнасці, выразнасці і багацці ствараемых вобразаў. Цнатлівы, з чыстымі і светлымі помысламі юнак чэрпае з народнай мудрасці крыніцы для творчасці і перадачы сваіх самотных і светлых адначасова, поўных надзеі дум і азмрочанай болем любові да роднага народа, Бацькаўшчыны, ад якіх ён доўга па волі лёсу знаходзіцца далёка.

Высокаталенавіты паэт і цудоўны майстар-ювелір паэтычнай формы вельмі любіў лірычныя вершы-мініяцюры за лаканізм і стварыў настолькі дасканалыя, пранікнёныя, музычныя творы, што і ў наш час яны не пакідаюць чытачоў і слухачоў абыякавымі, выклікаюць радаснае здзіўленне і гонар, з’яўляюцца каштоўным скарбам духоўнай культуры народа. Так, у 2000 годзе ў праекце “100 беларускіх кніг ХХ стагоддзя” зборнік “Вянок” быў выбраны лепшай кнігай з вялікім адрывам ад усіх прадстаўленых, ды і самога М. Багдановіча чытачы назвалі лепшым сярод аўтараў. Напярэдадні юбілею выйшла з друку энцыклапедыя Максіма Багдановіча і факсімільнае выданне “Вянка”.

120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча беларускі народ святкуе на працягу 2011 года. На педагагічным факультэце ў час святкавання Міжнароднага дня роднай мовы студэнты пісалі 4 Агульнанацыянальную дыктоўку па лісце да простых людзей “Хто мы такія?” і па вершы “Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы” М. Багдановіча, выказвалі з любоўю і захапленнем свае ўражанні ў невялікіх замалёўках падчас правядзення конкурсу творчых работ, некаторыя з якіх прадстаўляюцца вашай увазе.

Т. ЯКУБОВІЧ.
Партрэт Багдановіча – работа студэнткі-выпускніцы
педагагічнага факультэта Ірыны Лішчэнкі.


Першае спадканне

З творчасцю М. Багдановіча я пачала знаёміцца яшчэ ў школе.

Першым вершам, які трапіў мне ў рукі, быў твор “Па-над белым пухам вішняў…” Ён уразіў мяне сваім хараством, чысцінёй, замілаваннем прыгажосцю роднай прыроды.

Чым больш я знаёмлюся з творамі Багдановіча, тым больш яны падабаюцца. У іх аўтар адкрывае цэлы свет у розных яго аспектах. Гэта і апісанне прыгажосці роднай зямлі, і ўспаміны пра каханне, і філасофскае асэнсаванне жыцця.

На маю думку, бадай ніхто не ствараў такіх твораў, якія з першых радкоў пераносяць цябе туды, дзе лётае матылёк над квітнеючай вішняй, ткачыха выводзіць на тканіне васількі, а закаханыя, якія вымушаны расстацца, сустракаюцца каля зоркі Венеры.

Таццяна КОРШУНАВА, 2Б педфака.


Вялікая спадчына

М. Багдановіч – адна з самых яркіх зорак беларускай паэзіі. Яго вершы гучаць на ўсіх мовах свету, іх мы чуем ўжо з самага ранняга дзяцінства. Кожны радок прасякнуты аўтарскай любоўю. Хоць жыццё не вельмі добра абышлося з Максімам, але навекі засталася вялікая спадчына нашчадкам. Многія яго вершы пакладзены на музыку. Дзякуючы яго паэзіі, беларускі народ мае чым ганарыцца. Менавіта я вельмі паважаю М.Багдановіча за адданасць Радзіме, за незабыўныя вершы. Асабліва мне падабаецца верш “Зорка Венера”. У яго Багдановіч уклаў усё добрае, што ёсць на свеце.

На мой погляд, М. Багдановіч – добры, чулы, спагадлівы чалавек. Хоць ён рана захварэў на сухоты, але чэрпаў ад жыцця ўсё. Менавіта таму яго творы такія добрыя, спагадлівыя, душэўныя.

Карына САЗОНАВА, 2Б педфака.


Чыстая крыніца

Максім Багдановіч – сапраўдны майстар беларускага слова, адзін з лепшых пісьменнікаў зямель беларускіх і проста цудоўны чалавек, які за свой кароткі і цяжкі шлях у гэтым жыцці паспеў вельмі многа зрабіць для Беларусі і яе народа.

М. Багдановіч стаў яшчэ пры жыцці знакамітым, пісаў на беларускай, нашай роднай мове. Гэта адзін з лепшых паэтаў, які так цудоўна і прыгожа гаварыў пра сваю Радзіму, мову, людзей, нават калі быў за некалькі тысяч кіламетраў ад іх. Словы ў яго ліліся, як струменьчык вады, ад якога было так добра на душы. А як ён услаўляў пра каханне! Гэткае шчырае, прыгожае, чыстае, сваё і толькі сваё. Мабыць, ніхто так не пісаў пра свае пачуцці, як Багдановіч.

У яго творах было і гора, і шчасце, і любоў. І кожнае з іх апісана па-свойму праўдзіва, пранікліва, шчыра, што заўжды выклікала розныя пачуцці ў чытача: і спачуванне, і радасць, і чуллівасць, і любоў.

М. Багдановіч – таленавіты пісьменнік, які так мала пражыў і так многа зрабіў, які так прагнуў проста жыць…

Кацярына БОХНА, 2Б педфака.

 

Главная Юбілей пісьменніка Сталая маладосць