На базе нашага ўніверсітэта з 15 па 19 студзеня будзе праходзіць Тыдзень, прысвечаны памяці выдатнага педагога, слыннага навукоўца, вядомага географа, аўтара першых беларускіх школьных падручнікаў па прыродазнаўству Пятра Аляксеевіча Лярскага, паведаміў прафесар кафедры прыродазнаўства Ігар Мікалаевіч Шаруха. Цягам тыдня будзе працаваць мемарыяльны куток П. А. Лярскага. Убачыць яго будзе магчыма ў корпусе № 3 (па адрасе: вул. Першамайская, 44), у аўдыторыі № 19. 16 студзеня а 15-й гадзіне запланавана адкрыццё фотавыставы вядомага магілёўскага майстра Аляксандра Лазаравіча Ліціна. Назва выставы: «Геаграфія душы». Усе работы экспазіцыі прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння П. А. Лярскага. 18 студзеня, дзякуючы намаганням студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта, на базе абласной бібліятэкі імя У. Леніна адбудзецца вечар памяці навукоўца. Пачатак мерапрыемства — 18:00. Своеасаблівай кульмінацыяй Тыдня зробіцца адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння П. А. Лярскага (па адрасе: вул. Першамайская, 44; пачатак: 12:00). Заўважым таксама тое, што ўжо з 2 студзеня ва ўсіх аддзяленнях сувязі краіны можна набыць мастацкую паштоўку з выявай Пятра Аляксеевіча.