payday loans
 

Могилевский государственный университет
имени А.А. Кулешова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Беларуская версія

11 лістапада ў музеі гісторыі Магілёва адбылася віртуальная экскурсія па старому гораду. Праводзіў яе загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін доктар навук, прафесар Ігар Аляксандравіч Марзалюк. Адначасова ён прэзентаваў грамадскасці горада, прадстаўнікам выканаўчай улады, студэнтам МДУ імя А.А. Куляшова макет Магілёва першай паловы 17 ст., зроблены вядомым мастаком Базылём Камаровым.

– Макет старажытнага Магілёва – рэч унікальная, – адзначае Ігар Аляксандравіч. – Базыль Камароў зрабіў яго з вялікай гістарычнай верагоднасцю. Праца гэта вялізная і вартая ўвагі магілёўцаў. Напрыклад, праўдзіва адлюстравана тэрыторыя сучаснага парка імя Горкага. Тут стаяў спачатку драўляны замак. У вежах былі памяшканні для вояў. Быў і падземны ход… Адзіная мураваная сцяна ішла ад Кутняй вежы да сучаснага Краязнаўчага музея. Адна з брамаў замка дужа нагадвае Мірскі замак і называецца Алейная. Трэцяя брама – Каралеўская, яна была аздоблена мармурам. Чацвёртая брама выходзіла на Ветраную вуліцу. Там, дзе зараз палац Каніскага стаіць, была саджалка для лоўлі карася.

Гандлёвая плошча займала каля 2,5 га. Адлюстравана на макеце Б. Камарова гарадская турма ці астрог, які знаходзіўся каля Падэшвы да 1829 г. Быў таксама і млын на рацэ Дубравенка, дзякуючы якому на тым месцы, дзе зараз Быхаўскі рынак, знаходзілася запруда. Самы прыгожы будынак тых часоў – Багаяўленскі храм. Ён пабудаваны на пляцы Яна Агінскага, буйнейшага праваслаўнага магната Вялікага Княства Літоўскага. Агінскі аддаў праваслаўным гэты пляц, а ў якасці правобраза для будаўніцтва храма зрабілася царква Святога Духа ў Вільні. Нікольскі храм, дарэчы, – дакладная зменшаная копія храма Багаяўленскага. З правага боку – першы каталіцкі касцёл (не далёка ад цяперашняга “Саюздрука”). Там, дзе зараз будынак філармоніі, стаяла драўляная Уваскрасенская царква.

Многія храмы, якія адлюстраваў Б. Камароў, маюць не зусім звыклы выгляд – яны яшчэ драўляныя. Надзвычай добра майстар паказаў замак, вызначыў планіроўку вуліц. На сённяшні дзень гэта найлепшая выява старога горада”, – адзначыў гісторык.

П. Левановіч