payday loans
 

Могилевский государственный университет
имени А.А. Кулешова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Беларуская версія
Главная Беларускі каляндар Oktober, кастрычнік, паздзернік

Oktober, кастрычнік, паздзернік

“Святы Пакроў пытаецца
Ды ва Ўздзвіжанькі,
Ці ўзышло ў полі жыта?
А я буду хадзіці, аглядаці,
Ці ўруніла ў полі жыта?
Зямлю лісцем засыпаці,
Снегам чыстым пакрываці,
Ваду мёдам, пчолку мёдам надзяляці,
Старых бабак кіёчкамі,
Сярэдніх жанчын сыночкамі,
А дзяўчатак вяночкамі ўкрашаці.”

Такую валабочную песню спявалі 14 кастрычніка, на Пакровы, нашыя продкі-беларусы. Чаму ж свята так завецца? Ёсць меркаванне, што гэта з-за Вялікай Вясельніцы, калі маладую жонку пакрывалі накідкай. Другое ж меркаванне сведчыць пра снежны пакроў, якім добрае Неба закрывае бездапаможную Зямлю ад зімовага холаду.

Асаблівасці цудоўнага пакроўскага свята добра адлюстроўваюць прысвечаныя яму прыказкі. Напрыклад: “Пакровы – пастухоўскія кіі на дровы”, “Прыйшла Пакрова і пытае, ці да зімы гатова”, “На Пакрове дай сена карове”. З вышэй сказанага зразумела, што свята – пераломны момант паміж летам і зімою. У дні Пакроваў дарослыя рыхтавалі дровы і ежу на зіму, рамантавалі сельскагаспадарчыя і жылыя пабудовы. Моладзь жа збіралася на вячоркі. Юнакі і дзяўчаты ў той час добра змешвалі хатнюю працу з вяселлем. Яны танцавалі, пелі, загадвалі загадкі, расказвалі казкі, быліны і легенды. Тут жа хлопцы выбіралі сваіх будучых жонак.

На Пакровах моцна адбіўся хрысціянскі ўплыў. Веруючыя лічылі, што назва імпрэзы паходзіць ад пакрывала Божай маці, і само свята абазначае дапамогу ўсім пакутуючым на свеце. Таму ў цэрквах на Пакровы вяліся службы, людзі неслі туды хлеб, стравы, кветкі і іншае.

Беларусы святочна апраналіся для выезду ў царкву. Адкрываліся пакроўскія кірмашы, на якіх прадавалася шмат ласункаў: і пернікі, і лізунцы, і піражкі. Для малых гучалі свістульнікі і сядзелі на паліцах цацкі глінянымі бачынамі. Моладзь варажыла і стварала спеўныя гурты для вячорак. Кірмашы суправаджаліся цыганскімі песнямі, варожбамі і пляскамі. Качавы народ прадаваў коней, жаночыя ўпрыгожанні: каснікі, маністы, і жаночымі галасамі прасіў “пазалаціць ручку”.

Дзявятага кастрычніка, у дзень Івана Шаптуна, свахі сакрэтна дамаўляліся з маладымі, каб наладзіць вяселле на Пакровы. Імпрэзы не абыходзіліся без шлюбных віншаванняў, вянчанняў у царквах, вясёлых сяброў маладых. Сапраўды, Пакровы былі святам сям’і і шлюбу.

У гады барацьбы ідэолагаў савецкага народа супраць хрысціянства паганскаму Пакрову быў нанесены значны ўрон. Свята ўспрымалі як хрысціянскае і не іначай. Многія элементы імпрэзы былі страчаныя і павінны былі адраджацца нанава. Толькі пасля развалу СССР, па ініцыятыве Вольгі Басько, былі адроджаны Пакровы ў Мсціслаўлі. Складалі свята як хрысціянскія, так і нацыянальныя традыцыі беларусаў. Найбольш яркімі ў гэтым Пакрове былі духоўная музыка, спевы, казанне святара вернікам.

Цікавы звычай быў у дзяўчат, якія жадалі выйсці замуж. Яны ставілі свечку перад іконаю Пакрова ў царкве і прасілі: “Святы Пакроў! Пакрыў ты і зямлю, і ваду – пакрый і мяне, маладу! Пакрый мяне, дзяўчыначку, пакровай сваёй святою ісці на чужую староначку!” Невядома, ці дзейнічаў такі малітвенны, няхітры зварот вясковых дзяўчат да Бога, але яны верылі.

Ала ЕРАШЭНКА.

 

Главная Беларускі каляндар Oktober, кастрычнік, паздзернік